RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за трыццаць працоўных месцаў створана па найбуйнейшым інвестпраекце паўднёва‑ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці

Крэдыт даверу

У «Клімагра» Клімавіцкага раёна пасяўная ў самым разгары. Гэта новае сельгаспрадпрыемства - філіял мясцовага камбіната хлебапрадуктаў. Стваралася спецыяльна пад адзін з найбольш маштабных інвестыцыйных праектаў, што фінансуюцца за кошт абласнога бюджэту і крэдытных рэсурсаў Банка развіцця па Указу Прэзідэнта «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці».

Год таму пад Клімавічамі пабудаваны і запушчаны ў працу высокатэхналагічны свінагадоўчы рэпрадуктар, а задача мехатрада «КлімАгра» — забяспечваць жывёл кармамі. У выніку павінен замкнуцца ланцужок: ад апрацоўкі збожжавых, атрымання ўласнага камбікорму на КХП да высокарэнтабельнай вытворчасці мяса.

Механізатар Сяргей Гаробчанка быў у ліку першых, хто адгукнуўся на аб'яву аб вакансіях у «КлімАгра». Жыве Сяргей Іванавіч у Клімавічах, а родам з вёскі Барысавічы, якая трапіла пад адсяленне пасля чарнобыльскай аварыі. Вопытны механізатар прызнаецца, што яго заўсёды прыцягвала праца на зямлі:

- Сын Дзмітрый таксама вырашыў прыйсці сюды трактарыстам. Стажыроўку прайшоў пад маім кіраўніцтвам. Адслужыць у войску - і пакажам усім, як трэба працаваць!

З тэхаўзбраеннем мехатраду дапамог абласны бюджэт: восем новых камбайнаў, пяць энерганасычаных трактароў і яшчэ шэсць МТЗ-1221. У камандзе 12 вопытных механізатараў. Дарэчы, яшчэ ў аднаго сын нядаўна вярнуўся з войска і вырашыў працаваць побач з бацькам. Сяргей Гарабчанка на час жніва перасядзе на камбайн.

- У мінулы раз быў у ліку перадавікоў, - кажа механізатар. - У гэтым годзе ў нашым раёне пройдуць абласныя «Дажынкі». Як гаспадары свята, проста абавязаны дасягнуць найлепшых вынікаў. Тэхніка новая, зарабіць годна можна - у нас за перавыкананне нормы павышаныя расцэнкі. Праўда, на адной хуткасці далёка не з'едзеш. Працу аграном будзе ацэньваць па ўсходах: калі недзе дапусцілі пропускі — мінус у заробку. Стараемся рабіць якасна.

У Клімавіцкім раёне радыяцыя закранула 29 населеных пунктаў і сам райцэнтр, было адселена 16 вёсак. Дырэктар «КлімАгра» Аляксандр Нікалаенка таксама родам з адселенай вёскі, але толькі ў Касцюковіцкім раёне. Разважае:

— Праз 38 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС размова ўжо ідзе не аб ліквідацыі наступстваў і стварэнні бяспечных умоў жыцця для людзей. Цяпер упор на развіццё тэрыторый. У «КлімАгра» створана больш за трыццаць працоўных месцаў. Дзяржава дапамагла з будаўніцтвам комплексу, набыццём тэхнікі, а далей справа за намі - шліфаваць тэхналогіі, матываваць калектыў.

Мехатраду трэба яшчэ шмат працы па культуры земляробства. Зямлі пад новы аграрны праект вылучылі не самыя лепшыя - усяго 4700 гектараў. Для высокіх ураджаяў яшчэ трэба ўкласціся ва ўгнаенні, правесці хімічны аналіз глеб. Затое ўсе механізатары тут майстравітыя - шмат тэхнікі самі аднавілі з той, што пад платамі ў іншых гаспадарках стаяла, а КХП яе за даўгі выкупіў.

Зарабляе «КлімАгра» і на насенняводстве. Сёлета сельгаспрадпрыемствы раёна выкарыстоўваюць яго насенне на сяўбе збожжавых. У планах стаць насенняводчым цэнтрам для ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Патрэбен аграном-насеннявод, прыглядаюць сярод выпускнікоў аграрных вну.

А вось малады спецыяліст Ягор Сысоеў знайшоў працу на рэпрадуктары. Хлопец родам з Клімавіч, вярнуўся дадому па размеркаванні. Расказвае:

— Я праграміст, год таму скончыў каледж у сталіцы, завочна вучуся ў БДУІР. Мае веды спатрэбіліся - бо у нас ўсё камп’ютарызавана: мікраклімат, кармленне жывёл. Мая праца адказная, прыйшлося ўнікаць у тэхналогію жывёлагадоўлі.

Начальнік свінагадоўчага рэпрадуктара Мікалай Кажамякін ужо ацаніў перспектывы новага прадпрыемства:

— Працую ўсяго месяц, да гэтага ў пошуках лепшага заробку ездзіў у Расію. Нікому не жадаецца пакідаць хату, калі ёсць усе ўмовы жыць і зарабляць. Пакуль у нас 73 работнікі, з нарошчваннем аб'ёмаў будуць створаны яшчэ працоўныя месцы. Большасць людзей пераведзены сюды са старога свінакомплексу, асвоілі аўтаматыку, радуюцца выдатным умовам працы.

Сучасны і тэхналагічны рэпрадуктар на 3600 жывёл маткавага пагалоўя дасць новы віток развіццю свінагадоўчай галіны вобласці, у планах атрымліваць каля 100 тысяч галоў парасят штогод. Чакаюць апошнюю партыю свінаматак, каб выйсці на праектную магутнасць. Цяпер праектуецца сучасны адкормачнік для маладняку, ёсць задумкі і па будаўніцтве ўласнай перапрацоўкі. Работнікі «КлімАгра» планамі на будучыню натхнёныя і кажуць як адзін: уклад дзяржавы ў развіццё іх малой радзімы велізарны, хіба могуць яны падвесці?!

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая