RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў прайшла на плошчы Славы

У Магілёве ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прайшла на плошчы Славы. У патрыятычнай акцыі прынялі ўдзел моладзь, працоўныя калектывы, прадстаўнікі мясцовай улады дэпутацкага корпуса.

Да Вечнага агню былі ўскладзены жывыя кветкі і вянкі, а затым кадэты Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Мікалаенка ўнеслі на плошчу палотнішча Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін адзначыў, што дзяржаўныя сімвалы Беларусі - гэта сувязная нітка паміж гераічным мінулым, сучаснасцю і будучыняй:
 
- Нашы нацыянальныя сімвалы выказваюць каштоўнасці беларуса: міралюбнасць, працавітасць, патрыятызм. Гэта гарант нацыянальнага адзінства, суверэнітэту. Яны адлюстроўваюць слаўную гісторыю беларускага народа. Нашу нацыю не аднойчы правяралі на трываласць. Нашыя дзяды перамаглі фашызм, а калі нашай моладзі спрабавалі навязаць іншыя каштоўнасці, мы зрабілі правільны выбар. Як сказаў наш Прэзідэнт, час абраў нас. Мы зробім усё, каб пад гэтымі сімваламі жылі нашы дзеці. Наш абавязак - адчуваць сваю адказнасць за будучыню краіны. Сімвалічна, што мы адзначаем гэтае свята адразу пасля 9 Мая, калі ўвесь беларускі народ успамінае тых, хто заваяваў для нас Вялікую Перамогу, аднавіў краіну з руін і попелу. Наш сцяг і герб сімвалізуюць і мірныя дасягненні нашага народа ў спорце, навуцы, заваяванні космасу. А галоўнае, у свядомасці незалежных беларусаў дзяржаўны сцяг, герб і гімн - сімвалы згуртаванасці народа, сапраўднага нацыянальнага адзінства, дзякуючы чаму мы можам справіцца з усімі выклікамі сучаснага свету і няўхільна рухацца наперад.

У Рэспубліцы Беларусь заснавана традыцыя прынясення Клятвы вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь. Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Цімафей Селязневіч адзін з тых, каму выпаў гонар вымавіць сёння клятву перад усімі ўдзельнікамі ўрачыстасці:
 
– Я лічу, што і ў мірны час мы можам быць вернымі нашай Радзіме, як некалі нашыя прадзеды, якія адваявалі нашу незалежнасць. Мне 20 гадоў, хачу прысвяціць сваё жыццё росквіту Беларусі. Наша клятва - гэта зварот да нашых аднагодкаў, моладзі, што будучыня залежыць толькі ад нас, мы павінны быць патрыётамі. Патрыятызм можна праяўляць і на працоўным месцы. Герб, гімн і сцяг увасабляюць суверэнітэт нашай краіны, увасабляюць нацыянальную ідэю беларусаў.
 
Студэнт Яўген Баранаў лічыць, што галоўная задача дзяржаўных сімвалаў - згуртаваць нацыю:
 
- Сваімі дзяржаўнымі сімваламі трэба ганарыцца. Цяпер нестабільны час, мы павінны быць адзіныя. Моладзі трэба далучацца да стварэння будучыні краіны, разумець, што іх голас важны.

Муж і жонка Шаройкіны на ўрачыстасць прыйшлі з двума сынамі. Бацька сямейства Глеб Шаройкін лічыць, што выхоўваць патрыятызм у дзецях неабходна, каб маладое пакаленне ганарылася гісторыяй і традыцыямі продкаў:

- Я лічу, што Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь вельмі важны, бо аб'ядноўвае ўсіх нас як адзін народ. Для нашай сям'і галоўныя каштоўнасці - мірнае неба над галавой, магчымасць упэўнена глядзець у заўтра, гадаваць дзяцей. На нашым сцягу чырвоны колер сімвалізуе мужнасць нашага народа, а зялёны - працавітасць і стваральную сілу. Гэта значыць, нашы дзяржаўныя сімвалы выказваюць нашы каштоўнасці і памкненні.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Алег Дзьячэнка адзначыў:
 
- У гісторыі беларусаў дзяржаўныя сімвалы былі накіраваныя на тое, каб адлюстраваць іх духоўныя, нацыянальныя прыярытэты, згуртаваць грамадства ў імя будучыні. Сімволіка, якая навязвалася беларусам у свой час вузкай групай палітыкаў, прывяла да расколу грамадства. І па ініцыятыве нашага Прэзідэнта, першы ў гісторыі незалежнай Беларусі агульнанародны рэферэндум у гісторыі Беларусі быў праведзены 14 мая 1995 года, па выніках галасавання прынята дзяржаўная сімволіка. Увесь беларускі народ зрабіў выбар, дакладна вызначыўся, якая сімволіка нам патрэбная. Нацыянальная сімволіка - гэта імкненне беларускага народа будаваць мірную квітнеючую краіну, добрасуседскія адносіны з іншымі нацыямі.

Кадэт Самуэль Кірылін адзін з тых, хто выносіў Дзяржаўны сцяг на плошчу:
 
- Я збіраюся паступаць у ваенную акадэмію. Жыццё ў пагонах абраў па прыкладзе сваіх дзеда і прадзеда, якія таксама былі вайскоўцамі. Я б хацеў, каб мае блізкія адчувалі сябе абароненым, каб ніхто не задумваўся, ці бяспечна хадзіць па вуліцах роднага горада, каб над беларусамі было заўсёды мірнае неба.

Усе ўдзельнікі ўрачыстасці разам выканалі гімн Рэспублікі Беларусь, прыкладаючы правую руку да сэрца. Спяваў гімн і 9-гадовы Уладзіслаў Басалыка, які намаляваў да Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь сваё бачанне свята:
 
- Гэта наш сцяг, пад яго абаронай уся мая сям'я. 9 мая я разам з усімі адзначаў Дзень Перамогі. Я таксама буду абаронцам сваёй Радзімы.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая