Рус Бел Eng 中文

30 гадоў з дня вываду савецкіх войск з Афганістана

30 гадоў таму, 15 лютага 1989 года скончыўся вывад ваеннаслужачых абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў (АКСВ) з Афганістана. Скончылася афганская вайна. Паводле ацэнкі некаторых сучасных палітолагаў, гэта была першая буйная антытэрарыстычная вайна найноўшай гісторыі.

Ваенны канфлікт у Афганістане працягваўся амаль дзесяць гадоў – з 1979 па 1989 гады. Барацьба паміж урадавымі сіламі краіны пры падтрымцы АКСВ з аднаго боку і ваенізаванымі фарміраваннямі маджахедаў («змагароў за веру», душманаў), якіх падтрымлівалі вядучыя дзяржавы НАТА і краіны кансерватыўнага ісламскага свету, вялася за поўны палітычны кантроль над тэрыторыяй Афганістана.

СССР паводле Дагавору аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 5 снежня 1978 года ажыццяўляў праграму палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА), якая прыйшла да ўлады ў краіне ў выніку так званай Красавіцкай рэвалюцыі 1978 года. Урад Афганістана з сакавіка 1979-га неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва СССР з просьбай аб прамым савецкім ваенным умяшальніцтве.

25 снежня 1979 года па дамоўленасці з кіраўніцтвам краіны і з мэтай аказання падтрымкі ўраду НДПА у Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў (яго складала 40-я армія) перасёк мяжу Савецкага Саюза з Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан (ДРА) і аказаўся ўцягнутым ў грамадзянскую вайну, якая разгаралася ў Афганістане.

АКСВ размясціўся ў Афганістане па гарнізонах і на першым этапе свайго знаходжання ў краіне займаўся арганізацыяй аховы пунктаў дыслакацыі і розных аб’ектаў. З 1980 па 1985 гады праводзіліся актыўныя баявыя дзеянні і буйныя аперацыі сумесна з сіламі афганскай арміі на ўсёй тэрыторыі дзяржавы. У 1985-1987 гадах АКСВ перайшоў ад актыўных баявых дзеянняў да падтрымкі афганскіх войскаў авіяцыяй, артылерыяй і сапёрнымі падраздзяленнямі, сілы спецпрызначэння займаліся спыненнем дастаўкі зброі і боепрыпасаў для маджахедаў з-за мяжы. У апошнія гады знаходжання ў Афганістане савецкія вайскоўцы ўдзельнічалі ў правядзенні афганскім кіраўніцтвам палітыкі нацыянальнага прымірэння і працягвалі падтрымку афганскіх войскаў.

4 мая 1986 года на пасаду генеральнага сакратара ЦК НДПА быў абраны Махамад Наджыбула. У 1987 годзе ён стаў прэзідэнтам краіны, якой неўзабаве было вернута назва Рэспубліка Афганістан (РА).

14 красавіка 1988 года пасля шматгадовых (з 1982 года) непрамых афгана-пакістанскіх перамоваў Рэспубліка Афганістан, Пакістан, СССР і ЗША падпісалі ў Жэневе пагадненні па палітычным урэгуляванні становішча вакол Афганістана. У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Афганістана павінна было спыніцца.

З 15 мая 1988 года пачаўся вывад АКСВ, які завяршыўся 15 лютага 1989 года. Вывадам войскаў кіраваў апошні камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў. Ён апошнім з воінаў абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане 15 лютага ў 10 гадзін 30 хвілін перайшоў мост праз раку Амудар’ю, якая падзяляла дзве дзяржавы ў раёне горада Тэрмеза.

Многія замежныя палітыкі і эксперты лічылі, што галоўнай перашкодай для спынення вайны ў Афганістане з’яўлялася савецкая ваенная прысутнасць. Аднак пасля сыходу савецкіх войскаў канфлікт у гэтай краіне не згас.

За ўвесь перыяд вайны праз Афганістан прайшло 620 тыс. савецкіх вайскоўцаў. Кожны, хто туды адпраўляўся, ведаў, што выконвае загад Радзімы і інтэрнацыянальны абавязак. Кабул і Баграм, Пандшэр і Хост, Кандагар і Гардэз, Джэлалабад і Асадабад, Баракі і Газні сталі ратным полем, дзе праяўлялі мужнасць і гераізм савецкія воіны. За ваенныя і іншыя заслугі звыш 200 тыс. чалавек са складу АКСВ былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 86 удастоены звання Героя Савецкага Саюза, з іх 28 – пасмяротна.

У складзе абмежаванага кантынгенту ў Афганістане ваявала каля 30 тыс. беларусаў. Больш за 1,5 тыс. чалавек атрымала раненні, кантузіі, калецтвы, 702 – вярнуліся дадому інвалідамі, 723 – загінулі. 12 чалавек лічацца прапаўшымі без вестак.

У Рэспубліцы Беларусь прызнанне подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў застаецца нязменным. У 2002 годзе Мінскім гарвыканкамам быў зарэгістраваны дабрачынны фонд дапамогі воінам-афганцам «Памяць Афгана».

У цэнтры Мінска, у лукавіне ракі Свіслач, узведзены мемарыял на «Востраве слёз» у памяць аб загінулых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Манументы і помнікі воінам-інтэрнацыяналістам ўстаноўлены ў многіх гарадах і пасёлках Беларусі.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 15 лютага ў краіне ўстаноўлены Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

 

Статьи: