Рус Бел Eng 中文

Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа»

XXIII Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» адкрыецца 18 мая ў Магілёве. У маштабным свяце прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскай, каталіцкай і пратэстанцкай канфесій.

У форуме будзе задзейнічана больш за 1,5 тыс. удзельнікаў з 14 краін. Упершыню на фестываль духоўнай музыкі ў абласны цэнтр прыедуць госці з Партугаліі, Швецыі, Аўстрыі.

Праграма будзе насычана культурнымі, канцэртнымі і асветніцкімі мерапрыемствамі. На фестывалі таксама адбудзецца традыцыйны вакальна-харавы конкурс.

Адкрые форум праваслаўная духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш «Радасць», прысвечаная 30-годдзю адраджэння Магілёўскай епархіі. Яна размесціцца на адкрытай пляцоўцы каля «Дыягнастычнага цэнтра». У гэты ж дзень ва ўсіх бібліятэках Магілёва пачнуць працу кніжныя выставы, прысвечаныя фестывалю і духоўнай тэматыцы. Першай музычнай падзеяй стане духоўна-асветніцкая музычная праграма «Святло жыцця» на плошчы Зорак. Тут выступяць харавыя калектывы і вакальныя ансамблі – удзельнікі міжнароднага конкурсу «Магутны Божа». Закрые першы дзень канцэрт хрысціянскіх выканаўцаў Сюзанны Собаль і групы X.D.N., Elline Day (Мінск), ВІА сям’і Лансерэ (Масква), Ariadna (Рыга). Падобныя выступленні будуць праходзіць на плошчы Зорак на працягу ўсяго фестывалю. За сем дзён магіляўчане і госці горада змогуць паслухаць кампазіцыі ў выкананні прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Латвіі, ЗША, Ізраіля, Швейцарыі, Аўстрыі, Эстоніі, Фінляндыі.

У праграме таксама святочныя літургіі ў Трохсвяціцельскім саборы і касцёле Успення Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава, канцэрты арганнай музыкі. У гарадской выставачнай зале разгорнецца тэматычная экспазіцыя «Святло нябёсаў на зямлі», а ў Камсамольскім скверы – выстава «Сям’я – крыніца радасці і надзеі моладзі». У Палацы культуры вобласці з праграмай «Дж. Вердзі-Гала. Шэдэўры італьянскай оперы» выступіць Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі пад кіраўніцтвам народнага артыста Расійскай Федэрацыі Валерыя Палянскага (Масква). Тут жа запланаваныя канцэрты Ріего Montanaro, Cantavino Doc (Італія), пад акампанемент сімфанічнага аркестра КК «Магілёўская гарадская капэла» праспяваюць народны артыст Грузіі Атар Кунчулія, заслужаныя артысты Расійскай Федэрацыі Міхаіл Гужоў і Сяргей Таптыгін (Масква). У Магілёўскім філіяле УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі» адбудзецца фартэпіянны канцэрт Ruben Alves (Партугалія). Прыгажосць галасоў Магілёўскаму гледачу прадэманструе хор «Голас душы» касцёла Святога Сымона і Святой Алены з Мінска. У парку Падніколле арганізуюць дабрачыннае свята «Шчырае сэрца» для дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і абмежаванымі магчымасцямі. Гала-канцэрт XXIII Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» адбудзецца 21 мая ў 20.00 на стадыёне «Спартак».

Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» даў пуцёўку ў жыццё многім аналагічным фестывалям духоўнай музыкі як у Беларусі, так і за мяжой, але захаваў за сабой права піянера і лідара, у тым ліку ў руху за найлепшае паразуменне і супрацоўніцтва хрысціянскіх канфесій. Першы форум прайшоў 11-17 ліпеня 1993 года па ініцыятыве настаяцеля Магілёўскага касцёла Успення Найсвяцейшай Панны Марыі (сёння епіскапа Віцебскага) Уладзіслава Бліна. Назва фестывалю паходзіць ад першага радка твора беларускага кампазітара Мікалая Равенскага на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Гэтая малітва з’яўляецца сапраўдным духоўным гімнам хрысціян Беларусі і выконваецца на розных рэлігійных мерапрыемствах.

Праваслаўная духоўна-асветніцкая выстава «Радасць», прысвечаная 30-годдзю адраджэння Магілёўскай епархіі, будзе працаваць у абласным цэнтры 18-26 мая з 10.00 да 20.00. Экспазіцыя разгорнецца ў палатачным гарадку каля дыягнастычнага цэнтра і стане часткай XXIII Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Удзельнікі выставы – храмы і манастыры Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Грэцыі. Наведвальнікі змогуць набыць царкоўнае начынне, сувеніры ручной працы, тэкстыль, кераміку, духоўную літаратуру і прадукцыю для здароўя, азнаёміцца з фотавыставай, прысвечанай святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісавеце і жыццю Свята-Елісавецінскай абіцелі.

Арганізатары падрыхтавалі шырокую культурную праграму. Кожны дзень будзе напоўнены выступленнямі творчых калектываў і аўтарскіх выканаўцаў кампазіцый, цікавымі сустрэчамі і пазнавальнымі гутаркамі. Тут можна будзе паглядзець добрае кіно, задаць пытанне святару, прыняць удзел у круглых сталах, семінарах, літаратурных і музычных вечарах.

Вось некаторыя з мерапрыемстваў, якія стануць добрай нагодай наведаць выставу «Радасць»:

• канцэрт з удзелам лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў музыканта і вакаліста Мікалая Варапая;

• канцэрт духоўнай музыкі і паэзіі «З верай і любоўю» з удзелам галоўнага рэдактара газеты «Воскресение», членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Міхаленка, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Ірынай Нарбекавай і паэтам Таццянай Дашкевіч;

• арт-пляцоўка «Мастацтва пад адкрытым небам» з удзелам маладых магілёўскіх паэтаў, аўтараў і выканаўцаў песень;

• вечар памяці «Дзецям аб веры, дарослым пра каханне», прысвечаны пісьменніку Барысу Ганагу;

• сустрэча з протаіерэем Яўгенам Павельчуком, духоўнікам праваслаўнага таварыства цвярозасці «Елісавецінскае», на тэму «Залежнасці і свабода»;

• гутаркі з лекарам-фітатэрапеўтам Мікалаем Агрэнічам «Асновы фітатэрапіі» і кандыдатам педагагічных навук Алай Русецкай «Ад калыскі да выпускнога балю: крокі выхавання».

Асаблівая радасць чакае юных наведвальнікаў выставы ў асобнай палатцы дзіцячай гасцінай. Казачны свет ценявога і батлеечнага тэатраў, разнастайныя гульнявыя праграмы, кніжныя лабірынты, інтэрактыўныя прадстаўленні і творчыя заняткі – вось колькі сюрпрызаў падрыхтавана для малых і іх бацькоў. Таксама тут арганізуюць займальныя майстар-класы па кераміцы, ткацтве, экадызайне, вырабе арыгамі, стварэнні акварэльных пейзажаў і незвычайных карцін з пяску.

Выстава «Радасць» пройдзе ў абласным цэнтры па благаславенні архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія пры падтрымцы Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта. Арганізатарам выступае Мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр і Сястрыцтва ў гонар прападобнамучаніцы Вялікай княгіні Елісаветы.

Для павелічэння памеру націсніце на карцінку клавішай мышкі

Дата проведения: 
!start-дата(ы) да !end-дата(ы)