Рус Бел Eng 中文

Урачыстасці ў гонар іконы Божай Маці «Баркалабаўская»

24 ліпеня ў Быхаўскім раёне будуць праходзіць урачыстасці ў гонар шанаванай цудатворнай іконы Божай Маці «Баркалабаўская». Абраз знаходзіцца ў Вазнясенскім жаночым манастыры в. Баркалабава, размешчаным за 12 км ад Быхава.

Раніцай, у 6.30 у храме Святой Жывапачаткавай Троіцы горада Быхава адбудзецца агульны малебен, пасля якога парафіяне, госці і паломнікі адправяцца хрэсным ходам для ўдзелу ў святочнай літургіі ў в. Баркалабава, дзе знаходзіцца святыня.

Пачатак набажэнства ў манастыры ў 10.00. На шляху руху хрэснага ходу па вул. Савецкая, Пралетарская ў Быхаве, а таксама па вёсках Сапежынка, Сялец, Залахвенне будзе пранесены спіс Баркалабаўскага абраза. Тут можна сустрэць паломнікаў і далучацца да малітоўнага шэсця ўсім, хто жадае ўшанаваць Божую Маці. Ужо стала добрай традыцыяй, што да быхаўчан штогод далучаюцца вернікі з Гомельскай епархіі і Бабруйска.

Напярэдадні раніцай, 23 ліпеня, з Магілёва ў в. Баркалабава адправіцца хрэсны ход. Паломнікі пераадолеюць шлях даўжынёй больш за 40 км і прымуць удзел ва ўрачыстасцях у гонар Божай Маці.

Ікона, на якой намаляваная Маці Божая з дзіцяткам, праславілася цудамі падчас Паўночнай вайны і ў перыяд напалеонаўскага нашэсця. Сёння ў мястэчку Баркалабава за некалькі кіламетраў на поўнач ад Быхава знаходзіцца дзеючы, заснаваны яшчэ ў 1623 годзе Багданам Сцяткевічам у гонар Узнясення Гасподняга, жаночы манастыр.

У саборным храме манастыра захоўвалася цудатворная ікона Божай Маці, падораная манастыру ў 1659 годзе князем Пажарскім, які вяртаўся з войскамі ў Расію з Літвы. Існуе легенда, што ікона была схавана ў вайсковым абозе. Калі атрад князя праходзіў міма манастыра, абоз спыніўся і ніякія намаганні не змаглі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры, і перадаў яго ігуменні Фацініі Кіркораўне. Ікона была першапачаткова змешчана ў цэнтры Узнясенскай царквы, у наступную ноч абраз цудоўным чынам перамясціўся да сцяны храма.

У 1882 года Узнясенскі храм згарэў, але цудатворны абраз, іканастас і начынне былі выратаваны ад пажару. Пасля 1920 года Баркалабаўскі манастыр закрылі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны абраз захавалі былыя інакіні (па іншых вусных звестак, абраз знаходзіўся ў капліцы на чыгуначнай ст. Быхаў). А напярэдадні Вялікадня 1953 года цудатворны абраз прынеслі ў Свята-Троіцкі храм Быхава. Там цудатворны абраз захоўваўся да ліпеня 2010 года, нязменна збіраючы вялікую колькасць вернікаў. 25 ліпеня 2010 г. старажытная ікона была ўрачыста перанесена ў аднаўляемы Баркалабаўскі манастыр. Цяпер тут адзначаюць двайное свята цудатворнага абраза: 24 ліпеня – дзень набыцця і 25 ліпеня – дзень перанясення абраза з горада Быхава ў Баркалабаўскі манастыр.

Гэты абраз з’яўляецца адным з самых шанаваных вобразаў Божай Маці ва Усходняй Беларусі. Баркалабаўская Адзігітрыя, якая напісана тэмперай на хвойнай аснове з вызалачаным разьбяным фонам, з’яўляецца адным з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу і разам з тым захоўвае выразныя рысы яго старажытна-візантыйскага правобраза. Даследчыкі выказваюць меркаванне, што абраз створаны на мяжы 16-17 стагоддзяў або ў 1-й палове 17 стагоддзя ў цэнтральна-беларускім рэгіёне (магчыма, у Слуцку). Іканаграфія блізкая да Іверскага і Іллінскага (Чарнігаўскага) абразаў Божай Маці.

Дата проведения: 
аўторак, 24 Ліпень 2018