Рус Бел Eng 中文

VII рэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечарыны»

VII рэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечарыны» адбудзецца 15-17 чэрвеня ў Краснаполлі. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў райвыканкаме.

Свае пастаноўкі прадставяць калектывы з Беларусі, Расіі, Літвы і Украіны. На працягу трох фестывальных дзён гледачы ўбачаць некалькі спектакляў і гульнявых праграм. Будуць арганізаваны тэматычныя майстар-класы, круглыя сталы, канферэнцыі і інш.

Адкрыюць праграму артысты Краснапольскага раённага цэнтра культуры: дзіцячы тэатральны гурток пакажа казку «Гаючая траўка», а народны тэатр – трагікамедыю «Лёгкі на ўспамін».

На наступны дзень гледачы ўбачаць камедыю «Гісторыя аднаго акна» ў пастаноўцы народнага тэатра «Валянцін» Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, драму «Я цябе забыла» ў выкананні народнага тэатра Цэнтра культуры горада Ракішкі (Літва) і монаспектакль «Абудзі мяне» аматарскага моладзевага тэатра-студыі «Галерка» з Екацерынбурга (Расія). Акрамя таго,у Краснапольскім гарадскім скверы тэатр гульні і юных вядучых «Бім-Бом» Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры правядзе дзіцячую гульнявую праграму «Падарожжа па рознакаляровыхузгорках».

Найбольш насычаным будзе заключны дзень фестывалю. Тэатр «23» з Чарнігава (Украіна) пакажа меладраму «Веру ў цябе». Народны тэатр-студыя «За вуглом» Гатчынскага Дома культуры (Расія) прадставіць камедыю «Старая Зайчыха», а мінскі тэатр «Мост UP» – драму «Колькі каштуе каханне?».

Яркім і запамінальным абяцае быць закрыццё форуму, якое ўключае фестываль фарбаў Holo Lions, выступленне народнага вакальнага ансамбля «Славяне» (Бялыніцкі РЦК), рок-гурта «Афазия» (Магілёў) і «PS» (Мінск), агнявое шоу.

Краснапольскі тэатр – самы стары аматарскі тэатр у Беларусі. У гэтым годзе яму спаўняецца 100 гадоў. Ён неаднаразова станавіўся ўдзельнікам і пераможцам усесаюзных конкурсаў і фестываляў, з 1993 года сам з’яўляецца арганізатарам фестывалю «Тэатральныя вечарыны». Тады на яго адкрыццё прыехалі калектывы розных краін. Але ў апошнія гады фінансавае становішча пагоршылася і маштаб свята павузіўся да рэгіянальнага. Перамога ў конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН, дазволіла святу зноў стаць міжнародным.

Дата проведения: 
!start-дата(ы) да !end-дата(ы)