V ФОРУМ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ І РАСІІ

Магілёў. 10-12 кастрычніка 2018 года.

Рус Бел Eng 中文

XXI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2018»

XXI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2018» пройдзе ў Магілёве і Магілёўскай вобласці 25-28 кастрычніка. Пра гэта паведаміў рэжысёр-аніматар кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Волчак, які ўзначаліў экспертную камісію конкурснай праграмы мультсвята. У яе склад таксама ўвайшлі рэжысёр-мультыплікатар Аляксандр Ленкін і кінакрытык, гісторык анімацыі, куратар культурных праектаў кінастудыі «Саюзмультфільм» Павел Шведаў.

У гэтым годзе на фестывалі пакажуць 404 фільмы з 47 краін свету. Па рашэнні экспертнай камісіі толькі 115 анімацыйных фільмаў з 31 краіны змогуць пазмагацца за галоўны прыз «Анімаёўкі 2018». Беларусь будзе прадстаўлена на конкурсе васямнаццаццю работамі.

Усе фільмы паглядзіць прадстаўнічае міжнароднае журы, якое абярэ не толькі ўладальніка Гран-пры, але і пераможцаў у 18 намінацыях: 10 дарослых і 8 дзіцячых. Стваральнікі найлепшых мультфільмаў традыцыйна атрымаюць хрустальныя алоўкі, а ўсе без выключэння ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сертыфікаты.

Традыцыйна падчас свята будуць праводзіцца майстар-класы, конкурсы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, сустрэчы са стваральнікамі мультфільмаў, а таксама тэматычныя паказы ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці.

«Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» з’яўляецца адным са знакавых мерапрыемстваў Магілёўшчыны. Пра яго ведаюць ва ўсім свеце, – адзначыў Ігар Волчак. – Фестываль дае магчымасць яшчэ раз заявіць, што анімацыйнае кіно – гэта не толькі фільмы для дзяцей. Гэта сапраўднае глыбокае мастацтва».

Кадр з анімацыйнага фільма «Чырвоны тоўсты кот» (Германія, 2016 г.)

Ідэя правядзення Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» належыць Ігару Волчаку. Першы форум прайшоў у маі 1998 года ў Мінску. У верасні гэтага ж года па ініцыятыве генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўаблкінавідэапракат» Андрэя Бычкова фестываль «Анімаёўка» арганізавалі ў Магілёве. З таго часу абласны цэнтр штогод прымае гасцей і ўдзельнікаў мультсвята. З кожным годам геаграфія краін-удзельніц пашыраецца. Калі на «Анімаёўцы – 1998» было прадстаўлена 12 работ беларускіх рэжысёраў, то на юбілейным ХХ Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка – 2017» – 240 карцін з 46 краін.

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» праводзіцца з мэтай папулярызацыі найлепшых твораў сусветнай і айчыннай анімацыі, падтрымкі анімацыйнага кіно, умацавання культурных сувязяў паміж Беларуссю і краінамі-ўдзельнікамі фестывалю.

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

Фота - Магілёўскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кінавідэапракат» 

Дата проведения: 
!start-дата(ы) да !end-дата(ы)