Рус Бел Eng 中文

Абмежаванні на рэканструкцыю дамоў пад знос знімуць у Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 снежня падпісаў указ нумар 463 «Аб удасканаленні парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент накіраваны на далейшае ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін у галіне аховы і выкарыстання зямель. Ён адмяняе існуючыя абмежаванні спосабаў эксплуатацыі і паляпшэння аб'ектаў нерухомай маёмасці, размешчаных на тэрыторыі перспектыўнага развіцця населеных пунктаў.

У прыватнасці, да прыняцця рашэння аб маючым адбыцца адабранні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб грамадзяне будуць мець права рэканструяваць прыналежныя ім жылыя дамы з павелічэннем іх плошчы, а таксама ўзводзіць гаспадарчыя пабудовы на прысядзібнай тэрыторыі нават у тых выпадках, калі горадабудаўнічай дакументацыяй намечаны знос сядзібнай жылой забудовы.

Распрацоўка праекта адвядзення зямельнага ўчастка і ўстанаўленне яго мяжы на мясцовасці будуць праводзіцца ў рамках адзінай працэдуры, што пасадзейнічае скарачэнню тэрмінаў прадастаўлення зямельных участкаў.

Арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, надзяляюцца правам да 1 студзеня 2023 года выкарыстоўваць прадастаўленыя ім раней зямельныя ўчасткі без афармлення правазасведчвальных дакументаў на іх. Сельскагаспадарчыя арганізацыі і дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы вызваляюцца да 1 студзеня 2020 года ад выплаты дзяржпошліны за выдачу такіх дакументаў адносна зямельных участкаў, прызначаных для вядзення сельскай і лясной (лесапаркавай) гаспадаркі.

Таксама ў адпаведнасці з указам не будуць спаганяцца страты сельскагаспадарчай або лесагаспадарчай вытворчасці пры прадастаўленні зямельных участкаў для будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнага абслугоўвання, а таксама транспартнай і інжынернай інфраструктуры ў межах свабодных эканамічных зон.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая