Рус Бел Eng 中文

Аб'яўлены збор сродкаў на падрыхтоўку дакументаў проціаварыйных работ у касцёле ў Мсціславе

Аб'яўлены збор сродкаў на падрыхтоўку дакументаў першачарговых проціаварыйных работ у касцёле былога калегіума езуітаў XVII стагоддзя ў горадзе Мсціслаў, паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

У былым езуіцкім касцёле абрушылася частка сцяны, якая трымала нагрузку зводу будынка. Мясцовы дабрачынны фонд "Адраджэнне гісторыка-архітэктурных помнікаў г. Мсціслава" пачаў збор сродкаў, таксама адкрыты разліковы рахунак, інфармацыя аб якім размешчана на сайтах Мсціслаўскага, Кіраўскага, Крычаўскага, Бабруйскага, Асіповіцкага райвыканкамаў, Міністэрства культуры. "Выкананне работ па рэстаўрацыі і аднаўленні аб'ектаў спадчыны ў складчыну з'яўляецца агульнасусветнай практыкай і традыцыяй, якая не чужая беларускаму народу. Так, у папярэднія гады з прыцягненнем дабрачынных ахвяраванняў праведзена замена вежы на камяніцы ў Нясвіжы, праводзіліся работы па захаванні касцельнай вежы ў Навагрудку. У далейшым фінансаванне мерапрыемстваў па захаванні аб'екта спадчыны можа ажыццяўляцца за кошт сродкаў бюджэту і іншых крыніц", - адзначылі ў ведамстве.

У Міністэрстве культуры растлумачылі, што па заканадаўстве ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі забеспячэнне захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей ускладаецца на іх уласнікаў (карыстальнікаў). Пры падпісанні ахоўнага абавязацельства ўласнікі прымаюць абавязкі па захаванні нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Рашэнне аб неабходнасці правядзення работ на аб'ектах прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, што прадугледжана палажэннем аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджаным Саветам Міністраў.

З рэспубліканскага бюджэту штогод, зыходзячы з інвестыцыйных магчымасцей, накіроўваюцца сродкі для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, і доступу да іх, а таксама гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі "0", "1", "2", якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і ва ўласнасці рэлігійных арганізацый, па пераліку, зацверджаным пастановай Савета Міністраў, у частцы капітальных расходаў. Фінансаванне ажыццяўляецца на ўмовах роўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

У 2018 годзе па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі на 2016-2020 гады" плануецца прадоўжыць фінансаванне найбольш значных аб'ектаў, работы па якіх былі пачаты ў мінулыя гады: Косаўскі палацава-паркавы ансамбль Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці; палацавы комплекс у гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці; Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку; комплекс былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці; касцёл Божага Цела ў Нясвіжы; палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці; Успенскі манастыр у вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці; замкі ў Гродзенскай вобласці - гарадах Ліда, Навагрудак, у вёсцы Крэва Смаргонскага раёна, у вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна.

Бюджэтныя сродкі накіроўваюцца зыходзячы з неабходнасці канцэнтравання сродкаў на аб'ектах, рэстаўрацыйныя работы на якіх пачаты ў папярэднія гады, забеспячэння іх больш хуткага ўводу і ўключэння ў грамадска-культурную дзейнасць рэгіёна.

У Мінкультуры дадалі, што за апошнія гады была праведзена рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту на такіх значных аб'ектах спадчыны, як палац Паскевічаў у Гомелі, палац у Крычаве, замкі ў горадзе Нясвіжы і гарадскім пасёлку Мір, тэатры ў Мінску. Цяпер гэтыя аб'екты з'яўляюцца іміджавымі для Беларусі і даюць магчымасць прыцягваць турыстаў. Разам з тым нельга не браць пад увагу прыклады зацікаўленасці мясцовых выканаўчых і распадарчых органаў, якія прымаюць меры па адшуканні сродкаў для адраджэння аб'ектаў спадчыны. Сярод такіх работ, якія выконваюцца без прыцягнення сродкаў рэспубліканскага бюджэту, - аднаўленне палаца ў Ружанах Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, распрацоўка праектнай дакументацыі па Старым замку ў Гродне. Можна гаварыць таксама аб рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей за кошт сродкаў уласнікаў - сядзібы ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і інш.

Цяпер у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 5 тыс. 563 аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку: помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва, запаведныя мясціны - 1 тыс. 824; помнікі гісторыі - 1 тыс. 204; помнікі мастацтва - 61; помнікі археалогіі - 2 тыс. 263; нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (абрады, традыцыі, тэхналогіі, якія адлюстроўваюць традыцыйную беларускую культуру) - 119, рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (прадметы мастацтва, гербы) - 92.

БЕЛТА

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Чытайце таксама ў катэгорыі "культура":

13.12.2018 - 13:11 | Каля 100 удзельнікаў збярэ ў Магілёве абласны фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш»

Каля 100 удзельнікаў збярэ 14 снежня ў Магілёве абласны фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш». Форум пачнецца ў 10.00 у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы, паведамілі карэспандэнту сайта ва ўстанове культуры.

12.12.2018 - 09:26 | Галоўны Расійскі Дзед Мароз перадаў чароўны посах у Магілёўскую вобласць

Дзед Мароз з Клімавічаў Сяргей Булянкоў стаў пераможцам адной з асноўных конкурсных праграм ХІІ Усерасійскага з’езда Дзядоў Марозаў і Снягурак, які праходзіў 6-10 снежня ў расійскім Ханты-Мансійску.

12.12.2018 - 08:58 | Стартаваў прыём заявак на гарадскі конкурс тэатральнага мастацтва «У святле сафітаў Бабруйск!»

Стартаваў прыём заявак на II гарадскі конкурс тэатральнага мастацтва «У святле сафітаў Бабруйск!», прысвечаны 75-годдзю вызвалення горада на Бярэзіне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра гэта паведамілі ў гарвыканкаме.

11.12.2018 - 11:35 | У Магілёве абвешчаны конкурс на самае лепшае навагодняе і каляднае афармленне горада

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў штогадовы конкурс на самае лепшае навагодняе і каляднае афармленне горада.

11.12.2018 - 09:27 | Рэгіянальныя калядныя адукацыйныя чытанні адбудуцца ў Бабруйску 12 снежня

Рэгіянальныя калядныя адукацыйныя чытанні «Моладзь: свабода і адказнасць» адбудуцца ў Бабруйску 12 снежня. Пра гэта паведамілі ў Бабруйскай епархіі.