Рус Бел Eng 中文

Аддзяленне сацыяльнай перадышкі адкрылі ў магілёўскім доме дзіцяці

Аддзяленне сацыяльнай перадышкі адкрылі сёння ў Магілёўскім спецыялізаваным доме дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі.

Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы нямецкаму таварыству «Дапамога дзецям, пацярпелым ад Чарнобыля», якое больш за 20 гадоў аказвае дапамогу Магілёўскай вобласці. Арганізацыя прыцягнула на гэтыя мэты каля 60 тыс. еўра. За выдзеленыя сродкі зроблена рэканструкцыя памяшканняў, закуплена і ўстаноўлена новае абсталяванне, праведзена навучанне персаналу і бацькоў.

Аддзяленне дасць магчымасць прадастаўлення кароткага адпачынку бацькам для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў, павышэння сацыяльнага статусу жанчын, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, умацавання і абароны карэнных каштоўнасцяў грамадства і дзяржавы – мацярынства, дзяцінства і сям’і, адзначыў падчас адкрыцця міністр аховы здароўя Валерый Малашка.

«Паліятыўная дапамога – гэта малады напрамак для медыцыны Беларусі, – падкрэсліў ён. – Мы яшчэ шмат чаму вучымся. Але я не сумняваюся, што, дзякуючы сумесным намаганням, фізічны, маральны і духоўны стан дзяцей будзе добрым. І, вядома ж, мы зробім усё для таго, каб захаваць дабрабыт у тых сем’ях, дзе выхоўваюцца цяжкахворыя дзеці».

Хвароба дзіцяці, інваліднасць – гэта велізарны стрэс для блізкіх сваякоў, які стварае асаблівы мікраклімат у сям’і, становіцца прычынай дэпрэсіі ў бацькоў, канстатавала галоўны ўрач магілёўскага дома дзіцяці Наталля Александровіч. «Кожная сям’я, апынуўшыся ў такой цяжкай жыццёвай сітуацыі, мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы спецыялістаў, – адзначыла яна. – Догляд цяжкахворага дзіцяці, дзіцяці-інваліда – гэта пастаянная нагрузка, як фізічная, так і эмацыйная: 24 гадзіны ў суткі, усе 365 дзён у годзе і на працягу многіх гадоў. Патрабуецца мабілізацыя ўсіх сіл, моцнае здароўе і вытрымка. Таму цалкам натуральна, што бацькі адчуваюць неабходнасць у невялікім перапынку. Ім патрэбна змена абстаноўкі і хоць бы кароткачасовы адпачынак».

Па словах Наталлі Александровіч, галоўная мэта паслугі «сацыяльная перадышка» – палегчыць фізічную, псіхалагічную і эмацыйную нагрузку. Бо даказана, што хранічны стрэс у людзей, якія даглядаюць «цяжкіх» дзяцей, зніжае эфектыўнасць нагляду за імі, а таксама пагаршае або разбурае адносіны ў самой сям’і, што ў цэлым негатыўна адбіваецца на якасці жыцця дзіцяці з інваліднасцю.

Дом дзіцяці на 115 месцаў – найстарэйшая ў Магілёўскай вобласці ўстанова аховы здароўя, прызначаная для выхавання дзяцей ранняга ўзросту, пазбаўленых бацькоўскай апекі. У 1999 годзе ў сувязі з патрэбай рэгіёна ўстанова перапрафілявана ў спецыялізаваную. У 2012-м тут адкрыты першыя пастаянныя палаты паліятыўнай (хоспіснай) медыцынскай дапамогі для дзяцей, якія маюць абмежаваны тэрмін жыцця па прычыне невылечнага захворвання. У кастрычніку 2015-га на базе ўстановы адкрыты гарадскі кабінет паліятыўнай дапамогі на даму дзецям горада Магілёва і Магілёўскага раёна. У 2018-м – цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям рэгіёна. Сёння ён аб’ядноўвае тры палаты і чатыры спецыялізаваныя кабінеты, якія забяспечаны жыццёва неабходным медыцынскім і спецыяльным абсталяваннем. Тут працуе мультыпрафесійная каманда спецыялістаў, створана выязная патранажная служба, арганізавана супольнасць «Бацькоўскі клуб» для эфектыўнага ўзаемадзеяння «асаблівых» сем’яў адна з адной, спецыялістамі і грамадствам. З цэнтрам працуюць 23 юрыдычныя і 19 фізічных асоб, 7 валанцёрскіх аб’яднанняў.

Як адзначыла Наталля Александровіч, у доме дзіцяці выхоўваецца 107 дзяцей, 16 з якіх з’яўляюцца дзецьмі-інвалідамі, якія знаходзяцца пад паліятыўнай апекай.

За 2017 год колькасць дзяцей, якія знаходзяцца пад паліятыўным наглядам, павялічылася ў 1,4 раза. Зараз у цэнтры на ўліку лічыцца 124 інваліды з невылечнымі захворваннямі, з іх 87,1% атрымлівае дапамогу дома. Адкрыццё новага аддзялення стала часткай інклюзіўнага свята «Востраў Дружбы». «Спецыялісты цэнтра паліятыўнай дапамогі дзецям пастаянна прыдумваюць што-небудзь новенькае для сваіх падапечных і іх сем’яў, што не дае ім сумаваць у чатырох сценах. Але ёсць традыцыі, якія не змяняюцца. Адна з іх – правядзенне інклюзіўнага музычнага свята з забаўкамі і пачастункамі да Міжнароднага дня абароны дзяцей, – расказала Наталля Александровіч. – Ідэя паліятыўнай дапамогі не ў тым, каб проста забраць дзіця дадому і падтрымліваць яго жыццё з дапамогай розных прылад. Мэта ў тым, каб яно яшчэ і шчасліва жыло».

Мерапрыемства аб’яднала «асаблівых» і здаровых дзяцей, дапамагло хворым дзецям забыцца пра каляскі і хваробы, абзавесціся новымі сябрамі і знаёмымі. У яркім і вясёлым свяце ўдзельнічала больш за 300 чалавек. Тут праводзіліся вясёлыя конкурсы, была арганізавана забаўляльная праграма для дзяцей і бацькоў у суправаджэнні клоўнаў, аніматараў, працавалі пляцоўкі «Сэлфі», «Пясочная майстэрня», «Гульнятэка», «Фокус-покус», «Боўлінг», «Аквагрым», «Бэбі-дыска».

На свяце прысутнічалі шматлікія госці, у тым ліку прадстаўнікі абласной і гарадской выканаўчай улады, устаноў аховы здароўя рэгіёна, таварыства «Дапамога дзецям, пацярпелым ад Чарнобыля» на чале са старшынёй арганізацыі Андрэа Хайнам, а таксама абласных арганізацый Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, РГА «Беларускі дзіцячы фонд», ГА «Беларускі фонд міру», Беларускай праваслаўнай Царквы, спецыялісты ДУ «Рэспубліканскі клінічны цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям», член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Старавойтаў і інш.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства на памяць аб адкрыцці аддзялення сацыяльнай перадышкі пасадзілі на тэрыторыі магілёўскага дома дзіцяці дрэва Дружбы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая