Рус Бел Eng 中文

Акцыя «Нашы дзеці» ў Шклоўскім раёне: падарункі і віншаванні прымалі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу

У Шклоўскім раёне сёння ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» падарункі і віншаванні прымалі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу.

«У Магілёўскай вобласці 53 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, і ніводзін з іх не забыты ў гэтыя святочныя дні, – адзначыў, віншуючы сям’ю Канаваленка, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Кунцэвіч. – Хочацца пажадаць, каб Новы год стаў для вас святам надзеі, каб усе вашы мары былі рэалізаваны». У падарунак ад аблвыканкама сям’я атрымала салодкія падарункі і такі патрэбны ў вялікім доме пыласос. А старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Віктар Ананіч уручыў сертыфікат на бягучы рамонт дома.

Таксама дзеці атрымалі падарункі ад філіяла №700-Магілёўскае абласное ўпраўленне ААТ «ААБ Беларусбанк», ЦБП №726 філіяла №700-Магілёўскае абласное ўпраўленне ААТ «ААБ Беларусбанк», Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта. У сваю чаргу і самі госці не засталіся без падарункаў – дзеці ўручылі ім сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

У сям’і Канаваленка з аграгарадка Гарадзец выхоўваецца 9 непаўналетніх дзяцей, з іх 7 – пакінутыя без апекі бацькоў. «У адыходзячым годзе мы можам успомніць толькі добрае, – сказала прыёмная мама Святлана Канаваленка. – У нас з’явіўся першы выпускнік – Сярожа стаў навучэнцам ліцэя ў абласным цэнтры. А яшчэ дзеці радуюць нас у творчым плане: мы не толькі працягваем займацца з імі алмазнай вышыўкай, вышываем крыжыкам, але асвоілі новыя тэхнікі ручной работы».

У гэты дзень віншаванні, падарункі ад ААТ «Беларусбанк» і раённага выканаўчага камітэта прымала сям’я Саўчанка, якая жыве ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў аграгарадку Малыя Славені. Антаніна Пятроўна і Аляксандр Уладзіміравіч на дадзены момант выхоўваюць 5 дзяцей. А выпускнікоў у іх 17. І ўжо дарослыя дзеці не толькі пастаянна тэлефануюць сваім прыёмным бацькам, але і часта прыязджаюць да іх, прывозяць унукаў. У тым ліку і для таго, каб вялікай сям’ёй адсвяткаваць самае радаснае свята – Новы год.

По материалу районной газеты "Ударны фронт" 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая