Рус Бел Eng 中文

Аляксандр Кавальчук: Устанаўленне асобы Краснапольскага гвалтаўніка – гэта толькі пытанне часу

Устанаўленне асобы і затрыманне падазраваемага ў здзяйсненні гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх дзяўчынак у Краснапольскім раёне – гэта толькі пытанне часу. Такое меркаванне выказаў сёння ў час прэс-канферэнцыі начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Кавальчук.

У пачатку года супрацоўнікі крымінальнага вышуку рэгіёна звярнуліся да грамадскасці з просьбай аб дапамозе ў пошуку падазраваемага.

Такая мера дазволіла атрымаць новую інфармацыю і пашырыць кола пошуку. «На сённяшні дзень у нас сабрана дастатковая доказная база, каб прыцягнуць яго да адказнасці, – адзначыў Аляксандр Кавальчук. – Усе падобныя злачынствы цяжка раскрываць, таму што зламыснікі часта вядуць цалкам прыстойны лад жыцця, працуюць, могуць мець сям’ю і дзяцей. Але мы вядзем карпатлівую працу па ўстанаўленні гэтай асобы».

Як паведамілі раней праваахоўныя органы, першы факт нападдзення быў зарэгістраваны 30 чэрвеня 2016 года. У лясным масіве каля аўтадарогі в. Сідараўка – в. Гарадзецкая Краснапольскага раёна да 11-гадовай школьніцы падышоў мужчына. Пагражаючы дзяўчынцы нажом, ён здзейсніў у дачыненні да яе гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.

Прыкметы гвалтаўніка: 30-35 гадоў, рост 175-180 см, валасы кароткія светлыя, вочы шэра-блакітныя. Быў апрануты ў камуфляваны касцюм (колеру высахлай травы), куртку на замку, магазінныя цёмныя красоўкі, кепку цёмнага колеру. Пры сабе меў нож, рэчавы мяшок цёмнага колеру, невялікага памеру цёмную мужчынскую сумку з накладнымі кішэнямі на замках (3-4 шт.) на рамяні праз плячо.

Другі выпадак адбыўся праз больш за год – 17 верасня 2017 года ў лесапасадцы каля вул. Будаўнікоў на ўскраіне Краснаполля (на адлегласці не больш за 2,5 км ад месца, дзе здарыўся першы напад). Ахвярай зноў стала 11-гадовая дзяўчынка. Калі школьніца ішла з заняткаў дадому, ззаду да яе падышоў мужчына, завёў яе ў глыб лесапасадкі і здзейсніў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. З сабой у яго было пакрывала, якое ён разаслаў на зямлі.

У тым, што злачынства ўчыніў адзін і той жа чалавек, міліцыянеры не сумняюцца. У абодвух выпадках у мужчыны на руках былі чорныя пальчаткі і белая павязка на твары (з аранжавай і чырвонай палосамі), абодвум пацярпелым ён завязваў вочы. Другая дзяўчынка адзначыла, што гвалтаўнік быў шчыльнага целаскладу і меў ярка выражаны жывот. Яго гаворка была гарадской.

Аператыўнікі мяркуюць, што ў зламысніка могуць быць яшчэ ахвяры, у тым ліку ў іншых раёнах Магілёўскай вобласці, якія мяжуюць з Краснапольскім. У памежнай Бранскай вобласці Расіі падобных злачынстваў за апошні час зафіксавана не было.

Калі вам вядома што-небудзь пра мужчыну, якога падазраваюць, альбо вы сталі сведкам злачынства, просьба патэлефанаваць па нумарах: (8 02238) 22-9-25, (8 029) 338-58-14 або 102. Ананімнасць і ўзнагарода гарантаваны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая