Рус Бел Eng 中文

Астанкі двух чырвонаармейцаў знойдзены ў Магілёўскім раёне

Падчас пошукавых работ у Магілёўскім раёне сёння знойдзены астанкі двух чырвонаармейцаў, якія загінулі пры абароне Магілёва ў ліпені 1941 года. Пра гэта паведаміў кіраўнік Магілёўскага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.

Байцы 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны разам з магілёўскімі пашукавікамі знайшлі астанкі воінаў побач з шашой Магілёў-Гомель каля вёскі Сідаравічы. «Нам пашанцавала: мы знайшлі і медальёны чырвонаармейцаў. Адзін з іх ідэальна захаваўся, і нам удалося ўстанавіць асобу аднаго з загінулых. Гэта разведчык Іван Васілевіч Рубан, ураджэнец Чарнігаўскай вобласці (Украіна) Ноўгарад-Северскага раёна ст. Печанюгі», – расказаў кіраўнік клуба.

Другі медальён па прычыне яго дрэннага стану адкрываць не сталі. Ён накіраваны на экспертызу. Вялікая верагоднасць таго, што імя і гэтага воіна атрымаецца ўстанавіць. У невядомых пахаваннях захавалася і поўная экіпіроўка чырвонаармейцаў таго часу: процівагазы, каскі, падсумкі з патронамі, флягі. «Як мяркуецца, гэта воіны 747-га стралковага палка 172-й дывізіі, а загінулі яны, хутчэй за ўсё, з 10 па 13 ліпеня пры абароне далёкіх подступаў да Магілёва. На гэтым жа месцы падчас пошукавай экспедыцыі тры гады таму намі былі знойдзены астанкі яшчэ трох чырвонаармейцаў, імёны двух з іх удалося ўстанавіць», – адзначыў Мікалай Барысенка.

Ён таксама паведаміў, што 2 кастрычніка ў прыватным сектары па вуліцы Першамайскай, 100 у Магілёве пошукавым батальёнам былі падняты астанкі яшчэ аднаго чырвонаармейца. Яго пахавалі мясцовыя жыхары, а затым даглядалі магілу. Знойдзены фрагменты плашч-палаткі, салдацкага рамяня і пяцікапеечная манета, датаваная 1940 годам. «Мы мяркуем, што гэты чырвонаармеец загінуў 27 чэрвеня 1944 года пры штурме чыгуначнага вакзала, а значыць, ваяваў ён у складзе 878-га стралковага палка 290-й дывізіі, якая вызваляла Магілёў», – выказаў здагадку пошукавік.

Астанкі воінаў перапахаваюць у брацкіх магілах, а знойдзеныя ваенныя артэфакты перададуць у музей.

«Галоўная наша задача – устанавіць імёны двух невядомых воінаў. А затым, калі пашанцуе, адшукаць і сваякоў, каб яны змаглі прыехаць і аддаць даніну памяці героям, якія не вярнуліся з вайны», – сказаў Мікалай Барысенка.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая