Рус Бел Eng 中文

«Бабруйскаграмаш» наладзіць прамыя пастаўкі сельгастэхнікі на Кубу

Дамоўленасць аб прамых пастаўках сельгастэхнікі ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу і «Бабруйскаграмаш»на Кубу дасягнута падчас наведвання 27 верасня гэтага прадпрыемства кубінскай дэлегацыяй, паведамілі ў холдынгу.

Візіт дэлегацыі кубінскага Міністэрства сельскай гаспадаркі на чале з намеснікам міністра Хасэ Суарэсам Леонам быў арганізаваны пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Куба ў Беларусі з мэтай паглыблення двухбаковых адносін у галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акрамя супрацоўнікаў Мінсельгаса, былі прадстаўлены кіраўнікі і спецыялісты Навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчага машынабудавання Кубы (IAgric).

Госці азнаёміліся з вытворчымі магутнасцямі лідара беларускага сельгасмашынабудавання, наведалі экспазіцыю выпускаемай тэхнікі для аграрнага сектара і правялі дзелавыя перагаворы. У ходзе сустрэчы з генеральным дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Ерамеевым Хасэ Суарэс Леон пацвердзіў зацікаўленасць у наладжванні прамых гандлёвых адносін паміж беларускімі прадпрыемствамі сельгасмашынабудавання і кубінскімі кампаніямі, якія ўваходзяць у структуру міністэрства.

«Бакі вызначылі наменклатуру тэхнікі вытворчасці ААТ«Бабруйскаграмаш», найбольш перспектыўную для выхаду на кубінскі рынак, дамовіліся сумесна прапрацаваць магчымыя схемы супрацоўніцтва і праграму на 2019 г.», – расказалі суразмоўцы.

Бабруйская тэхніка ўжо вядомая кубінскім аграрыям. Раней яна пастаўлялася на Востраў Свабоды ў невялікіх аб’ёмах праз пасрэдніцкія структуры, якія бралі на сябе вырашэнне пытанняў з канвертаваннем кубінскага песа. Аднак, прымаючы пад увагу структурныя змены, якія адбываюцца зараз у кубінскай эканоміцы, кіраўніцтва Мінсельгаса Кубы зацікаўлена ў прамых пастаўках сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі.

Бабруйскае прадпрыемства створана ў 1974 годзе. Акцыянавана ў 2005-м, а ў 2012 годзе стала кіруючай кампаніяй холдынгу «Бабруйскаграмаш», які з’яўляецца сёння адным з найбуйнейшых у Беларусі і СНД вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Аснову вытворчай праграмы складае навясная і прычапная тэхніка для нарыхтоўкі і раздачы кармоў. Выпускаецца таксама тэхніка для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў, раздзельнай рулоннай уборкі лёну, прычапная самазвальная тэхніка да трактароў розных класаў і інш.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая