Рус Бел Eng 中文

Беларускія біятланісткі перамаглі ў эстафеце на Алімпіядзе-2018

Беларускія біятланісткі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава перамаглі ў эстафетнай гонцы 4х6 км на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. Адна з страляючых лыжніц - Дзінара Алімбекава – прадстаўніца Магiлёўшчыны.

Пачыналася гонка ў складаных умовах надвор'я: ішоў снег, а вецер узмацняўся. Стартар беларускай зборнай Надзея Скардзіна першую стральбу адпрацавала без промахаў, а на другой скарысталася двума дадатковымі патронамі. На фінішы першага этапу беларускі адставалі ад лідараў на 46,2 сек і былі дзясятымі.

Далей у барацьбу ўключылася Ірына Крыўко. Пры двух заходах на стрэльбішчы ёй спатрэбіўся ўсяго адзін дадатковы патрон. У ходзе па дыстанцыі Ірына таксама не адчувала вялікіх праблем і змагла вывесці каманду ў пяцёрку мацнейшых. На фінішы беларуская дружына ўступала лідару 20,8 сек.

Алімпійскі дэбют у эстафеце спаўна ўдаўся Дзінары Алімбекавай. Не звяртаючы ўвагі на надвор'е і супраціўленне знакамітых канкурэнтак, Дзінара разумна расклала сілы па дыстанцыі. Пры стральбе ёй сумарна спатрэбіліся тры дадатковыя патроны. Яна не зарабіла штрафных кругоў і апошнюю стральбу на сваім этапе Алімбекава пакідала першай, але перадала эстафету чацвёртай (+17,1 сек).

Лідар беларускай зборнай Дар'я Домрачава хутка захапіла лідарства. Каб закрыць усе мішэні на першай стральбе ёй хапіла асноўнай абоймы. А вось на «стойцы» Дар'я вымусіла балельшчыкаў крыху пахвалявацца. Тры выстралы спартсменкі не дасягнулі цэлі. Але дадатковыя патроны далі магчымасць выправіць сітуацыю. На выхадзе з агнявога рубяжа Домрачава захоўвала лідарства. Да фінішу ніхто з саперніц яе не дагнаў.

Пераможны час беларускіх біятланістак - 1 гадз 12 мін 03,4 сек (без штрафных кругоў, 9 дадатковых патронаў). Да ўсяго ж Дар'я Домрачава прадэманстравала лепшы ход па дыстанцыі на сваім этапе.

З заваяваннем алімпійскага золата павіншаваў беларускіх біятланістак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён узнагародзіў алімпійскіх чэмпіёнак ордэнамі «За асабістую мужнасць». Акрамя таго, Надзеі Скардзіна, Ірыне Крыўко, Дзінары Алімбекавай прысвоена ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь».

Другое месца ў жаночай эстафеце занялі шведкі Лін Персан, Мона Брорсан, Анна Магнусан і Ханна Эберг (+10,7 сек; без промахаў, 12 дадатковых патронаў). Трэцімі фінішавалі францужанкі Анаіс Шэвалье, Мары Дарэн-Абер, Жустын Брэзаз, Анаіс Бескон (+17,6 сек; 0+14).

Па матэрыялах БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая