Рус Бел Eng 中文

Больш Вr14 млн. асвоена на будаўніцтве маставога перахода праз раку Сож у Слаўгарадскім раёне

Больш Вr14 млн. асвоена пры будаўніцтве маставога перахода праз раку Сож у Слаўгарадскім раёне, паведаміў начальнік аддзела тэхнічнага нагляду і падрыхтоўкі вытворчасці РУП «Магілёўаўтадар» Павел Скрабуноў.

На аб’екце ўжо ўсталяваны ўсе апоры, устаноўлены ў праектнае становішча металічныя фермы, якія перакрываюць рэчышчавыя пралёты. Вядуцца работы па мантажы бэлек пойменных пралётаў, працягваецца ўзвядзенне падыходаў: замена непрыдатнага грунту, адсыпка насыпу. «За лістапад-снежань мы плануем асвоіць яшчэ каля Вr1,5 млн., зманціраваць бэлькі правабярэжных пойменных пралётаў і выканаць аманалічванне швоў. Таксама будзе працягвацца праца па ўзвядзенні падыходаў да моста, працягласць якіх складае 6,5 км з абодвух бакоў. Асноўная ўвага, вядома, будзе нададзена наладжванню насыпу правабярэжнага падыходу з боку Слаўгарада. Гэта неабходна для забеспячэння пад’езду тэхнікі, задзейнічанай пры правядзенні работ на маставым палатне», – сказаў суразмоўца.

Паводле яго слоў, пакрыццё на падыходах будзе выканана ў цэментава-бетонным выкананні, уключаючы будаўніцтва пад’езда да помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца», якая з’яўляецца галоўным ахоўным і турыстычным аб’ектам створанага ў бягучым годзе водна-балотнага заказніка «Слаўгарадскі». Зараз вядзецца прапрацоўка пытання і па ўладкаванні аўтамабільнай стаянкі побач з гэтай унікальнай крыніцай, якая лічыцца самай буйной ва Усходняй Еўропе, а яе вада валодае высокімі пітным якасцямі і, паводле дадзеных інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі, можа служыць эталонам чысціні падземных вод.

Будаўніцтва маставога пераходу праз Сож пачалося восенню 2016 года. Аб’ект узводзяць на 5-м км аўтадарогі Р140 Слаўгарад – Краснаполле, што забяспечыць бесперабойныя круглагадовыя зносіны паміж двума раёнамі Магілёўскай вобласці – Слаўгарадскім і Краснапольскім, палепшыўшы лагістыку транспартных зносін з выхадам на прыгранічныя раёны Расіі. Таксама гэта дасць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць сельскагаспадарчыя ўгоддзі, пацягне за сабой больш актыўнае развіццё сацыяльнай інфраструктуры, прадпрымальніцтва, фермерства і турызму на тэрыторыі, раней адрэзанай Сожам, а гэта каля 6 тыс. га ворных зямель і 8 населеных пунктаў.

Працягласць моста складзе 500 м, увесь пабудаваны ўчастак зойме каля 7 км.

Кошт праекта ацэньваецца больш чым у Вr48,4 млн. Работы плануецца завяршыць у 2019 годзе.

Доступ на тэрыторыю за Сожам пакуль ажыццяўляецца з дапамогай часовага пантоннага моста, які перад пачаткам зімы разводзіцца. Каб дабрацца да сельгасугоддзяў і населеных пунктаў Слаўгарадскага раёна ў аб’езд, трэба зрабіць крук больш чым у 80 км, а напрамкі – да 20 км.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая