Рус Бел Eng 中文

Больш за 100 тыс. гасцей і ўдзельнікаў чакаюць свята «Купалле» ў Александрыі

Больш за 100 тыс. гасцей і ўдзельнікаў чакаюць свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 8-9 ліпеня. Аб гэтым паведаміў па выніках выязнога пасяджэння рэспубліканскага штаба па арганізацыі і правядзенні мерапрыемства намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко.

«Свята “Купалле” абяцае быць яркім і насычаным рознымі творчымі праектамі і музычнымі праграмамі. Яго кульмінацыяй стане эстрадна-цыркавое прадстаўленне «Купальскі сон» з удзелам артыстаў з замежных краін. Мерапрыемства «Купалле» стала ўжо знакавым у культурным жыцці краіны і здабыло шырокую папулярнасць. Таму чакаецца, што яго наведаюць, як і ў мінулым годзе, больш за 100 тыс. чалавек», – сказаў Васіль Жарко. Ён адзначыў, што падрыхтоўка гэтага маштабнага ўнікальнага свята ідзе ў штатным рэжыме. Усе пытанні паміж упраўленнямі і службамі ўзгодненыя, зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы дапамагаюць мясцовым органам улады вырашаць усе пытанні. «Робіцца ўсё для таго, каб мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным узроўні, а ўдзельнікі і госці адчувалі сябе камфортна і бяспечна», – падкрэсліў Васіль Жарко.

Па словах міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, у канцэртных праектах і праграмах свята ў гэтым годзе будзе задзейнічана больш за тысячу артыстаў. Зараз актыўна ідуць рэпетыцыі, рыхтуецца эстрадна-цыркавое прадстаўленне «Купальскі сон». Яго рабочую версію ўпершыню пакажуць 29 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным цырку, а генеральная рэпетыцыя адбудзецца 7 ліпеня на галоўнай сцэне свята ў Александрыі. На гэта прадстаўленне ўжо рэалізавана больш за 60% білетаў. Гасцей свята таксама чакае фестываль феерверкаў з удзелам прадстаўнікоў замежных краін і ў суправаджэнні лазернага шоу. Адначасова на абодвух берагах ракі Днепр будуць у гэты час гарэць купальскія вогнішчы і вадзіцца святочныя карагоды.

У гэтым годзе ў Александрыі гасцям будзе ўпершыню прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у пазнавальнай квэст-гульні «У пошуках папараць-кветкі». Спецыяльны конкурс вызначыць пераможцу ў вырабе купальскіх вянкоў. Маштабна будзе прадстаўлена і святочная пляцоўка «Горад дружбы». Яна будзе разбіта на чатыры галоўныя вуліцы: «Міжнародная» – прадстаўлена майстрамі краін – удзельніц свята, «Рэспубліканская» – задзейнічаны майстры і падворкі рэгіёнаў Беларусі; «Скарбніца Падняпроўя» – з рэалізацыяй вырабаў майстроў Магілёўскай вобласці і «Гандлёвая» – з павільёнамі рэспубліканскіх і абласных арганізацый і прадпрыемстваў.

Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты – Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці – Магілёўскую і Віцебскую.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая