Рус Бел Eng

Больш за 20 музеяў Магілёўскай вобласці прымуць удзел у акцыі «Ноч музеяў»

Наведаць рыцарскія турніры, фаер-шоў, інтэрактыўныя гульні, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы змогуць жыхары Магілёўскай вобласці 17-19 мая. У гэтыя дні ў рэгіёне традыцыйна пройдзе акцыя «Ноч музеяў», прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў, пра гэта паведамілі ва ўпраўленні культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

У маштабнай акцыі, асноўнай мэтай якой з’яўляецца паказ рэсурсаў, магчымасцяў, патэнцыялу сучасных музеяў, прыме ўдзел больш за 20 музеяў вобласці.

Так, насычаная праграма чакае наведвальнікаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава. На кожным з трох паверхаў установы культуры будуць праводзіцца экскурсіі, міні-выставы, відэапрэзентацыі, віктарыны, працаваць інтэрактыўныя зоны, тэматычна адпаведныя экспазіцыям: «Археалогія і старажытная гісторыя», «Прырода краю», «Гісторыя краю з IX стагоддзя па 1917 год», «Гісторыя краю з 1917 па 1945 гг.». Госці, якія прыйдуць на свята, змогуць навучыцца пісаць пры дапамозе палачкі-пісала, сфатаграфавацца каля старажытнарускага воіна, захаваць сябе ў вобразах шляхціча і шляхцянкі XVII ст., прымерыць мундзір радавога магілёўскага пяхотнага палка, вывучыць лісты жонак дзекабрыстаў, паглядзець хроніку перыяду знаходжання Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве і інш. Ганаровым госцем музея ў гэты дзень стане гісторык Уладзімір Зарэмскі.

Магілёўскі музей этнаграфіі будзе сустракаць наведвальнікаў народнымі танцамі. Праграмай акцыі таксама запланаваны выступленні ансамбля народнай песні «Ярыца», фальклорнага ансамбля «Карагод», народнага творчага калектыву «Раманс», фартэпіянны канцэрт навучэнцаў музычнага каледжа і вечар бардаўскай песні з удзелам Сяргея Чарнова. Тут таксама будуць арганізаваны экскурсіі і майстар-клас па арыгамі.

У магілёўскай ратушы для гасцей «Ночы музеяў», якія прыйдуць ў касцюмах монстраў і казачных прыгажунь, абяцаюць бясплатны ўваход. Мерапрыемствы акцыі ў музеі гісторыі стартуюць у 17.00 і працягнуцца да паўночы. Адкрые праграму інтэрактыўная гульня «Монстры і прыгажуні», якая ўключае заданні па ратушы, выставачнай зале, дзе будзе экспанавацца праект магілёўскай мастачкі Марыны Несцярук. Навінкай традыцыйнага квэста стане «цёмны пакой», таму тым, хто жадае прыняць у ім удзел, рэкамендуецца захапіць ліхтарыкі.

Таксама наведвальнікам музея прэзентуюць новыя набыткі (у 17.30), выставу акварэляў мясцовага майстра Мікалая Ліханенкі (у 18.30), канцэрт інструментальнага ансамбля «Eden Rose» і музычны сюрпрыз ад Веранікі Юргелас, чыя праца стала пераможцай першай народнай выставы ў Магілёве. Акрамя таго, для гасцей арганізуюць экскурсійнае абслугоўванне па залах музея, наведванне вежы з выхадам на назіральную пляцоўку з панарамным біноклем і пад’ём да гадзіннікавага механізму. Падчас акцыі будзе працаваць дзіцячы куток.

Мерапрыемствы платныя, але плануецца ўвесці агульны білет, які дае права на свабоднае наведванне ўсіх праектаў свята. Кошт білета для дарослых – Br4, для дзяцей і студэнтаў – Br2. Для дзяцей да 7 гадоў уваход будзе бясплатным.

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава правядуць экскурсіі па пастаянных экспазіцыях і музейны ўрок «Шукальнікі суперрарытэта карціннай галерэі П. В. Масленікава».

У Бабруйскім краязнаўчым музеі будзе працаваць інтэрактыўная выстава «Зроблена ў СССР». Жыхарам горада на Бярэзіне прапануюць паўдзельнічаць у археалагічных раскопках, наведаць савецкую бібліятэку, патанчыць на дыскатэцы 80-х, прыняць удзел у майстар-класе «Арыгамі па-савецку», паглядзець дыяфільмы, азнаёміцца з прадметамі савецкага побыту.

Знатакоў мастацтва на святочнае адкрыццё выставы Віктара Кнаруса «Я іду да сабе насустрач» запросіць Бабруйскі мастацкі музей. Увазе гледачоў прадставяць відэапрэзентацыю аб творчасці мастака і больш за 35 яго акварэляў.

Раённыя музеі Магілёўскай вобласці таксама прымуць актыўны ўдзел у міжнароднай акцыі.

Напрыклад, у палацы Пацёмкіна ў Крычаве адбудзецца анімацыйнае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам касцюмаваных персанажаў імператрыцы Кацярыны II і святлейшага князя Рыгора Пацёмкіна. Інтэрактыўныя праграмы прапануюцца дзецям і дарослым. Таксама наведвальнікам дадуць унікальную магчымасць прадэгуставаць беларускую нацыянальную кухню, убачыць лялечны спектакль «Як дзяўчынка Маша лета шукала», прыняць удзел у квэсце «У пошуках скарбаў», пакінуць пажаданне за сталом князя Пацёмкіна і інш. Завершыцца праграма маляўнічым фаер-шоу, спектаклем «Дыханне агню» і святочным феерверкам.

На ганку Палаца культуры БДСГА арганізуюць маштабны квэст «У пошуках скарбаў графа Салагуба». Сумесны праект рыхтуе акадэмічны музей і Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Праз пошук ключоў і падказак удзельнікі гульні будуць пазнаваць гісторыю горада.

Акунуцца ў чароўны свет моды 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя можна будзе ў Мсціславе. У раённым гісторыка-археалагічным музеі адкрыецца выстава «Аблічча жаночай прыгажосці». На ёй прадставяць унікальныя ручныя вырабы сям’і Урбановіч. Наведвальнікі змогуць не толькі агледзець экспазіцыю, але і зрабіць сэлфі ў стылі рэтра, прымерыць вопратку таго часу, стварыць модны вобраз для лялькі, убачыць і пачуць відэакліпы з найлепшымі музычнымі кампазіцыямі эпохі. Акрамя таго, арганізатары абяцаюць майстар-клас па вырабе сувенірных капялюшыкаў, а яшчэ выставу фатаграфій «Как молоды мы были» і віктарыну «Модны свет». Мерапрыемства платнае, але калі госці прыйдуць у касцюмах 60-70 гадоў, атрымаюць зніжку 50%.

Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей запросіць на сустрэчу з пісьменнікамі і прэзентацыю кніг. Тут пакажуць відэаролікі аб узнікненні пісьменства, першых беларускіх пісьменніках, філологах і этнографах, ліквідацыі непісьменнасці ў першыя гады савецкай улады. Гасцей пазнаёмяць з клінапісам на гліняных таблічках, бяросце, варажбой на рунах, прапануюць вырабіць адбітак гравюры, сфатаграфавацца ў вобразе баркалабаўскага летапісца. У спецыяльным «Кабінеце пісьменніка» загучаць аўдыёзапісы з вершамі аб вайне, а на інтэрактыўных пляцоўках жыхары райцэнтра змогуць сабраць прыказкі і ўспамінаць вуліцы Быхава, названыя ў гонар пісьменнікаў.

Глускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей арганізуе бясплатнае віртуальнае падарожжа па музеях свету, а Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей – семінар «Нашы традыцыі – наша будучыня» ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Дрыбінская школа шапавалаў». Без фінансавых выдаткаў у гэты дзень можна будзе наведаць залы Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея.

Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей запросіць на выставу «Свет аптычных ілюзій» і майстар-клас па вулічнай фатаграфіі «Спыніся, імгненне».

Клічаўскі краязнаўчы музей падрыхтуе экскурсійна-гульнявую праграму «Скарбы любімага горада», якая ўключае майстар-класы па вырабе майскіх паштовак у стылі «скрапбукінг», дэкупажнай бутэлькі з «Выспы скарбаў», выцінанкі і інш.

«Свята ў сярэднявечным горадзе» правядзе Асіповіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Наведвальнікаў чакаюць рыцарскі турнір, майстар-класы па сярэднявечных танцах, чаканцы манет, ганчарнай справе, выступленне лялечнага тэатра. Таксама будзе працаваць «Крама алхіміка» і «Сярэднявечная карчма».

Шклаўчане змогуць падарыць экспанаты мясцоваму раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Акрамя таго, тут арганізуюць III літаратурна-тэатральнае свята «Пётр Алейнікаў – наш герой», гульню-квэст «Таямніцы Шклоўскага ідала», брэйн-рынг «Шклоўшчына гістарычная».

«Музей у ХХІ стагоддзі – гэта не толькі месца збору і захавання гістарычных і мастацкіх артэфактаў, але таксама сацыяльна-культурны інстытут са мноствам функцый, – адзначылі суразмоўцы. – Раскрыць патэнцыял сучаснага музея, паказаць яго шматгранныя рэсурсы і прыцягнуць маладую аўдыторыю – асноўныя задачы акцыі «Ноч музеяў». У 2018 годзе тэма Міжнароднага дня музеяў, які будзе адзначацца 18мая, – «Музеі ў эпоху гіперкамунікацыі: новыя падыходы, новыя аўдыторыі».

Мерапрыемствы акцыі «Ноч музеяў» у Магілёўскай вобласці

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Чытайце таксама ў катэгорыі "навiна дня":

15.05.2018 - 12:48 | У Магілёўскай вобласці пражывае больш за 10 тыс. шматдзетных сем’яў

Міжнародны дзень сем’яў адзначаецца штогод 15 мая ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН. У гэтым годзе свята праходзіць пад дэвізам «Сям’я і інклюзіўнае грамадства». У Беларусі ў гэты дзень таксама адзначаюць рэспубліканскае свята – Дзень сям’і.

14.05.2018 - 10:28 | Прамую тэлефонную лінію правядзе 19 мая намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч

Прамую тэлефонную лінію правядзе 19 мая намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Некрашэвіч Віктар Уладзіміравіч. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.

14.05.2018 - 10:15 | АДІ ў маі будзе прысвечаны ключавым аспектам паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Адзіны дзень інфармавання, які пройдзе 17 мая ў гарадах і раёнах Магілёўшчыны, будзе прысвечаны ключавым аспектам паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму Сходу.

14.05.2018 - 09:58 | Масавую зарадку з удзелам вядомых спартсменаў вобласці правядуць у Магілёве падчас акцыі «Беларусь супраць тытуню»

Рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню» праходзіць у Магілёўскай вобласці пад дэвізам «Тытунь і хваробы сэрца». Пра гэта паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

14.05.2018 - 09:46 | У Бабруйскім раёне 16 мая перапахаваюць астанкі загінулага ў гады Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармейца

У Бабруйскім раёне 16 мая перапахаваюць астанкі чырвонаармейца 73-га стралковага палка 33-й стралковай дывізіі Лявонція Кавалёва, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.