Рус Бел Eng 中文

Больш за 500 чалавек сабрала на Буйніцкім полі моладзевая патрыятычная акцыя «Звон смутку»

Больш за 500 чалавек сабрала на Буйніцкім полі моладзевая патрыятычная акцыя «Звон смутку». Традыцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, прайшло на мемарыяльным комплексе сёння а чацвёртай гадзіне раніцы, перадае карэспандэнт сайта.

У гэтыя раннія гадзіны сюды прыходзяць толькі па закліку сэрца. Збіраюцца тыя, хто хоча выказаць ўдзячнасць загінулым. Карціна ўражвае, яшчэ раз пацвярджаючы, што словы падзякі не скончацца, пакуль будзе жывая памяць.

Ужо ў 3 гадзіны 30 хвілін з дынамікаў былі чутны шолах травы, спевы птушак, шум ветру. Але раптам спакой парушыўся: выбухі, плач і крыкі, голас дыктара Левітана з рэпрадуктара... Гукавая імітацыя падзей дазволіла прысутным адчуць і перажыць страшны момант пачатку вайны.

Пачалося мерапрыемства з ускладання кветак да капліцы, мітынгу-рэквіема, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, ветэраны, актыў БРСМ, навучэнцы і студэнты. Яны ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых на палях бітваў салдат, закатаваных у няволі вязняў фашысцкіх канцлагераў, старых, жанчын і дзяцей, якія назаўсёды засталіся ў ваенным ліхалецці нямецкай акупацыі. У гонар тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду народа, айцец Сергій здзейсніў памінальную літыю. Моладзь выпусціла ў неба шары з папяровымі галубамі – сімваламі міру і любові. Таксама на тэрыторыі Буйніцкага поля працаваў ваенны палявы кінатэатр, дзе паказвалі створаныя брсмаўцамі кароткаметражныя фільмы на ваенную тэматыку, якія сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу «Мой фільм аб вайне».

«Абарончыя баі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці шмат у чым спрыялі краху гітлераўскай стратэгіі маланкавай вайны, – адзначыў, адкрываючы мітынг-рэквіем, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Алег Пішчанка. – Легендарнай старонкай увайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны абарона Магілёва ў ліпені 1941 года». 25-кіламетровы вал, які акружыў горад, жыхары будавалі самі. Дзякуючы гэтаму абаронцы Дняпроўскага рубяжа змаглі самааддана трымаць абарону 23 дні і ночы, што дало магчымасць выйграць час для мабілізацыі сіл на адпор ворагу. Пад уражаннем ад перажытага тут ваенны карэспандэнт Канстанцін Сіманаў напісаў: «У гэтым баі я ўбачыў перамогу мая 1945».

«Мы ганарымся тым, што ў слаўным ваенным летапісе ёсць велізарная доля подзвігаў нашых землякоў, – падкрэсліў Алег Пішчанка. – Ураджэнцы Магілёўшчыны абаранялі Маскву і Сталінград, удзельнічалі ў бітве на Курскай дузе, білі ворага на Одэры і Вісле, салютавалі Перамозе ў Берліне».

Ён звярнуў увагу, што ўжо нараджаецца пятае пакаленне людзей, якія не ведаюць нягод і жахаў ваеннага ліхалецця. Пройдуць яшчэ гады, зменіцца не адно пакаленне, але ў сэрцах жыхароў Прыдняпроўскага краю захаваецца памяць аб подзвігу прадзедаў, дзядоў і бацькоў.

Успамінаючы пра гады мужнасці і гераізму, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін горада Быхава Фёдар Крываногаў расказаў, што, калі пачалася вайна, усіх мужчын прызыўнога ўзросту забралі ў войска абараняць Айчыну, а замест іх у мясцовым калгасе пачалі працаваць бязвусыя хлопцы, якія не дасягнулі паўналецця. Фёдар таксама стаў трактарыстам, амаль нічога не разумеючы ў тэхніцы. Яму паказалі, як трэба абслугоўваць сельскагаспадарчую машыну, як ёю кіраваць – і наперад. Але так працягвалася нядоўга. Фронту патрэбна была моладзь, і, як толькі хлопцу споўнілася 18 гадоў, адразу паклікалі ў райваенкамат, адтуль – у дзеючую армію. Але не на фронт, а ў авіяцыйную школу лётчыкаў і штурманаў, якая базіравалася ў Сярэдняй Азіі, куды яна пераляцела з горада Іванава. Паспяхова завяршыўшы вучобу, у канцы лета 1944-га адправілі на фронт, пачаў лётаць на цяжкім бамбардзіроўшчыкудалёкага дзеяння ІЛ-4. Скідалі бомбы ў асноўным на партовыя гарады Клайпеду, Лібаву, Гданьск, Гдыню, Кенігсберг. «Наша моладзь заўсёды была ў першых радах, не шкадавала свайго жыцця, з гонарам абараняла радзіму», – падкрэсліў Фёдар Крываногаў.

Мужны, заслужаны рускі чалавек, які пражыў усё сваё свядомае жыццё ўроднай ямуБеларусі, заўважыў: «Беларусы – сяброўскі народ, і гэта дае добрую аснову для развіцця і росквіту. Мяне ніколі ніхто тут не папракнуў, што я – рускі».

Звяртаючыся да моладзі, Фёдар Крываногаў пажадаў хлопцам і дзяўчатам выдатнай вучобы, моцнага здароўя, быць згуртаванымі, працавітымі, выканаўчымі і ветлівымі.

У сваю чаргу навучэнец Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча Валерый Піцукоў выказаў гонар за подзвіг савецкіх салдат, якія падарылі наступным пакаленням мір і спакой на зямлі.

Аналагічныя мерапрыемствы і акцыі сёння пройдуць ва ўсіх раёнах і гарадах Магілёўскай вобласці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая