Рус Бел Eng 中文

Больш за 600 дзяцей з усіх раёнаў вобласці сабрала ў Магілёве губернатарская ёлка

Традыцыйная губернатарская ёлка, арганізаваная ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», сабрала сёння ў абласным цэнтры творчасці больш за 600 дзяцей. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выдатнікі вучобы, пераможцы раённых і абласных алімпіяд, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый з усяго рэгіёна.

З надыходзячымі навагоднімі святамі дзятву павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Ён падкрэсліў, што ў зале сабраліся найлепшыя сярод аднагодкаў, якія паказалі высокія вынікі ў вучобе, праявілі сябе на алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах рознага ўзроўню. «Сваімі дасягненнямі вы ўслаўляеце Магілёўшчыну. Дзякуючы вам вобласць становіцца яшчэ больш вядомай, – сказаў старшыня аблвыканкама. – Для нас гэта важна, паколькі Прыдняпроўскі край актыўна выбудоўвае супрацоўніцтва з рэгіёнамі і краінамі ва ўсім свеце».

        

У Беларусі шмат робіцца для таго, каб моладзь усебакова развівалася, рэалізоўвала сябе і творчы патэнцыял, адзначыў Уладзімір Даманеўскі. На гэтым шляху незаменнымі памочнікамі дзяцей выступаюць бацькі, педагогі і выхавальнікі.

Кіраўнік рэгіёна пажадаў дзецям поспехаў у вучобе, новых уражанняў і сустрэч. Ён уручыў школьнікам салодкія падарункі вагой 2,5 кг, а ў адказ атрымаў карціну «Зімовыя забавы» і сувенірную навагоднюю цацку, зробленыя рукамі таленавітых дзяцей Магілёўскай вобласці.

Затым дзецям паказалі мюзікл па матывах казкі «Спящая красавица». У маляўнічым паказе задзейнічалі каля 300 чалавек – гэта педагогі і выхаванцы гурткоў, студый абласнога цэнтра творчасці. Мастацка-пастановачная група падрыхтавала маляўнічае шоу з новымі рэжысёрскімі, кампазіцыйнымі, тэхнічнымі падыходамі ў дэкарацыях, тэатральных касцюмах, працы акцёраў.

У завяршэнне мерапрыемства на сцэну вывезлі двухметровы фантан з 53 бісквітных тартоў. Кожны важыў ад 1 да 5 кг. У цэнтры салодкага сюрпрызу сядзела пакрытая каляроайы цукровай пудрай шакаладная свінка – сімвал 2019 года. Тарты для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сабраліся на свята, па ўнікальнай рэцэптуры за ноч вырабілі нгайлепшыя кандытары ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Домачай».

Дарэчы, удзельнікамі навагодніх мерапрыемстваў, арганізаваных у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», стане каля 150 тыс.юных жыхароў Магілёўшчыны. Запланаваны святы з удзелам старшыні аблвыканкама, яго намеснікаў, кіраўнікоў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Бабруйска і Магілёва, структурных падраздзяленняў аблвыканкама і арганізацый рэгіёна. Да 11 студзеня госці наведаюць з падарункамі 53 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 23 цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 9 дзіцячых сацыяльных прытулкаў, 10 інтэрнатных устаноў абласнога падпарадкавання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая