Рус Бел Eng 中文

БРСМ запрашае школьнікаў прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе сачыненняў

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская піянерская арганізацыя запрашаюць школьнікаў 5-11-х класаў прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе сачыненняў, эсэ, вершаў «Мая Беларусь. Мая Будучыня», паведамілі ў прэс-службе Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ».

Прадметам конкурсу з’яўляюцца аўтарскія творы – сачыненні, эсэ і вершы на тэмы: «Мая радзіма – Беларусь!», «Мой Прэзідэнт», «Мой родны кут, як ты мне мілы», «Мая Беларусь. Мая Будучыня». У іх школьнікам – актывістам БРСМ і БРПА – прапануецца ў творчай форме расказаць на рускай або беларускай мовах аб сваёй краіне, яе гісторыі, сучаснасці, багатай культуры, прыгажосці роднай мовы, сваёй малой радзіме, ролі першага Прэзідэнта Беларусі ў станаўленні і развіцці незалежнай дзяржавы, беларускай моладзі і пра тое, што яе па-сапраўднаму хвалюе.

Плануецца, што конкурс пройдзе ў тры этапы: раённы, абласны, рэспубліканскі. Журы разгледзіць прадстаўленыя ў тэрытарыяльныя камітэты БРСМ аўтарскія працы і вызначыць пераможцаў ва ўзроставых катэгорыях – 5-7-я класы; 8-9-я класы, 10-11-я класы. Крытэрыямі ацэнкі твораў стануць творчы характар працы, арыгінальнасць, самастойнасць меркаванняў аўтара, паўната раскрыцця тэмы, пісьменнасць. Пераможцы будуць узнагароджаны прызамі, дыпломамі.

Сумесны праект накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, фарміраванне ў маладых людзей патрыятычных каштоўнасцяў, павагі да гісторыі свайго народа, развіццё актыўнай жыццёвай пазіцыі, захаванне пераемнасці пакаленняў.

Рэспубліканскі конкурс сачыненняў, эсэ, вершаў «Мая Беларусь. Мая Будучыня» з’яўляецца складовай часткай аднайменнай шматступеннай моладзевай эстафеты творчасці.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая