Рус Бел Eng 中文

Бясплатную юрыдычную дапамогу акажа грамадзянам 20 красавіка больш як сто прафсаюзных юрыстаў

Чарговы прававы прафсаюзны прыём пройдзе ў Беларусі 20 красавіка. У яго межах бясплатную юрыдычную дапамогу грамадзянам акажуць больш за сто прававых інспектараў працы Федэрацыі прафсаюзаў, якія выедуць ва ўсе абласныя і раённыя цэнтры краіны.

Практыка правядзення выязных прыёмаў, на якіх прафсаюзныя юрысты кансультуюць грамадзян па пытаннях, звязаных з аховай рабочых правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў, існуе ўжо больш за два гады – з сакавіка 2015 года.

За гэты час праведзена 20 такіх прыёмаў, на якіх прававая дапамога аказана больш за 6 тыс. чалавек. Толькі з пачатку 2017 года ў Магілёўскай вобласці юрысты дапамаглі больш за 160 грамадзянам. Асноўная маса пытанняў закранала працоўную дзейнасць беларусаў – 59%. Наступным па актуальнасці стала пытанне прымянення жыллёвага і пенсійнага заканадаўства – 17% і 10% адпаведна.

Усім тым, хто звярнуўся, былі дадзены падрабязныя тлумачэнні і рэкамендацыі. Многія пытанні вырашаліся адразу на месцы, падчас прафсаюзных прыёмаў. Некаторыя працоўныя спрэчкі патрабавалі звароту ў судовыя інстанцыі. У такіх выпадках прафсаюзныя юрысты складалі неабходныя працэсуальныя дакументы і адстойвалі інтарэсы тых, хто звярнуўся ў суд.

Да прыкладу, за 2016 год прававымі інспектарамі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі складзены 820 іскавых заяў, 112 заяў накіраваны ў камісіі па працоўных спрэчках. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў на працоўных месцах адноўлена 112 работнікаў.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення юрыдычнай працы і прававога забеспячэння апарата Савета ФПБ Марыны Лазар, выязныя прафсаюзныя прыёмы як формы работы маюць пэўныя перавагі ў параўнанні з юрыдычнай кансультацыяй традыцыйнага фармату.

«Кансультацыі ажыццяўляюцца непасрэдна на месцах, і грамадзянам з аддаленых населеных пунктаў не трэба марнаваць шмат часу, каб дабрацца да абласнога цэнтра або сталіцы і пабываць на прыёме ў юрыста. Усё, што неабходна зрабіць для атрымання прафесійнай юрыдычнай дапамогі, – прыйсці ў пэўны час прыёму ў аб’яднанне прафсаюзаў ці ў арганізацыю ў сваім раённым цэнтры», – адзначыла Марына Лазар. Час і месца прыёму можна даведацца па тэлефоне Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў: (80222) 25 36 52.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая