Рус Бел Eng 中文

Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод пачаў пастаўкі ў Таджыкістан

ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» адправіла першую партыю кансерваванай прадукцыі ў Таджыкістан. Пра гэта паведаміў антыкрызісны кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Марозаў.

«Дамоўленасць аб пастаўках нашай прадукцыі ў Таджыкістан дасягнута на Нацыянальнай выставе Беларусі ў Душанбэ. На запыты партнёраў мы адрэагавалі аператыўна, адгрузіўшы ў Таджыкістан зялёны гарошак, кукурузу і кабачковую ікру», – сказаў антыкрызісны кіраўнік.

Па яго словах, з суб’ектамі гаспадарання Таджыкістана падчас выставы заключана некалькі дагавораў куплі-продажу. З партнёрамі ідзе ўзгадненне аб’ёмаў паставак і асартыменту кансерваванай прадукцыі на бягучы год. «Для нас сезон толькі пачынаецца, яшчэ не вырасла новая сыравіна, а леташнія запасы прадукцыі ўжо на зыходзе. Партфель заказаў у нас сфарміраваны на некалькі месяцаў наперад. Мы актыўна прапрацоўваем новыя рынкі збыту. І ў гэтым годзе ставім задачу, у тым ліку дзякуючы адгрузкам кансерваў у Таджыкістан, павялічыць долю экспарту ў агульным аб’ёме рэалізацыі прадукцыі да 60%, у мінулым годзе было 40%», – адзначыў Аляксандр Марозаў.

З кожным годам геаграфія экспарту ААТ паступова пашыраецца, з’яўляюцца новыя краіны і доўгатэрміновыя кантракты. Напрыклад, у мінулым годзе прадпрыемства ўпершыню пачало працаваць з Аўстраліяй па пастаўцы таматаў. Пастаўлялі прадукцыю ў ЗША, Канаду, Кітай і іншыя краіны. Актыўна прапрацоўваюцца рынкі Ізраіля, Саудаўскай Аравіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Рыхтуецца да адпраўкі першая партыя прадукцыі ў Лівію.

ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» створана рашэннем абласнога выканаўчага камітэта ў 2001 годзе. У сакавіку 2006 года указам Прэзідэнта яно вызначана базавым прадпрыемствам па вытворчасці пладова-агародніннай кансервавай прадукцыі ў Магілёўскай вобласці. З 2007 года ўся выпускаемая заводам прадукцыя рэалізуецца пад гандлёвай маркай «Гаспадар-Пан».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая