Рус Бел Eng 中文

Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць пакуль больш актыўна, чым мясцовыя выбары чатыры гады таму – Лідзія Ярмошына

Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць пакуль больш актыўна, чым мясцовыя выбары чатыры гады таму. На гэта звярнула ўвагу старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанні журналістаў перад пачаткам семінара-нарады са старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у Магілёве.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, ініцыятыўных груп зарэгістравана па рэгіёнах прыблізна ў 1,5-2 разы больш, чым у папярэднюю кампанію. Сярод вылучэнцаў з’явілася шмат новых асоб і прозвішчаў. Павялічылася ў выбаркамах і колькасць прадстаўнікоў аб’яднанняў і палітычных партый, адзначаецца іх вялікая актыўнасць пры вылучэнні і зборы подпісаў. «Гэта ўсё будзе спрыяць таму, што павялічыцца яўка выбаршчыкаў, і, цалкам магчыма, выбарчая кампанія будзе праходзіць больш жыва і цікава, чым звычайна», – адзначыла яна.

Лідзія Ярмошына дадала, што ўжо на ранняй стадыі вылучэння такія грамадскія аб’яднанні, як «Белая Русь», прафсаюзы, БРСМ актыўна выкарыстоўваюць агітацыйныя метады падчас збору подпісаў. Так, у Мінску дастаткова многа пікетаў са сцягамі, партрэтамі асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, – таго, што раней назіралася толькі на парламенцкіх выбарах.

У гэту выбарчую кампанію будуць выкарыстоўвацца дэмакратычныя напрацоўкі, якія ўжываліся раней пры прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, падкрэсліла Лідзія Ярмошына. Перш за ўсё, яны закранулі парадак утварэння выбарчых камісій. Значна больш дэмакратычныя рашэнні прыняты мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады з нагоды адвядзення месцаў для збору подпісаў. Таксама ідзе актыўнае інфармаванне насельніцтва, у тым ліку праз інтэрнэт, выкарыстанне якога на папярэдніх мясцовых выбарах было на высокім узроўні.

Старшыня ЦВК праінфармавала ўдзельнікаў семінара аб выніках першых этапаў выбарчай кампаніі. У краіне сфарміравана 1309 тэрытарыяльных выбарчых камісій, 361 акруговая выбарчая камісія. Фарміраванне ўчастковых выбаркамаў пачнецца пазней і ў адпаведнасці з каляндарным планам павінна быць завершана не пазней за 3 студзеня 2018 года. Акрамя таго, у Беларусі для правядзення мясцовых выбараў у 2018 годзе ўтворана 5 869 участкаў для галасавання.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання пройдуць у Беларусі 18 лютага. Па 8 студзеня ўключна працягнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Зрабіць гэта можна трыма традыцыйнымі спосабамі – шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў. Грамадзянін мае права вылучацца па адной з выбарчых акругаў у мясцовы Савет кожнага тэрытарыяльнага ўзроўню (у абласны, гарадскі, раённы і сельскі).

Усяго на выбарах 18 лютага ў Магілёўскай вобласці трэба будзе абраць 2 556 дэпутатаў, у тым ліку 1 746 у сельскія, 80 – у гарадскія, 675 – у раённыя Саветы, а таксама 55 дэпутатаў у абласны Савет.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая