Рус Бел Eng 中文

Да пачатку рэканструкцыі Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы засталося менш за месяц

Усе падрыхтоўчыя работы да доўгачаканай падзеі ўжо завершаны, усе спадарожныя пытанні вырашаны. Адзін крок застаецца да пачатку будаўніча-мантажных работ – выбраць будаўнічую арганізацыю, якая выступіць генеральным падрадчыкам. Таргі ўжо праводзяцца, і хто прыступіць да працы, стане вядома ўжо ў сярэдзіне снежня. А пра тое, як будзе функцыянаваць сістэма аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі дзецям падчас рэканструкцыі бальніцы, падрабязна расказалі на прэс-канферэнцыі, дзе прысутнічалі галоўны ўрач БЦБ Уладзімір Гацко, галоўны ўрач дзіцячай бальніцы Ірына Рыжанкова, галоўны ўрач радзільнага аддзялення Ірына Сіманенка і загадчык аддзела эпідэміялогіі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вікторыя Багдановіч.

Такім чынам, пачнём з таго, што тэрміны будаўніцтва па праектна-каштарыснай дакументацыі – 24 месяцы. Нядоўга, калі параўноўваць з тэрмінамі рэканструкцыі Бабруйскага радзільнага дома: работы тут працягваліся каля 6 гадоў. Але вынік каштаваў гэтых чаканняў. Сёння Бабруйскі радзільны дом – высакакласны перынатальны цэнтр, абсталяваны па апошнім слове медыцынскай тэхнікі. Гаворка пра радзільны дом зайшла, на самай справе, невыпадкова. Бо на гэтыя два гады будаўнічых работ частка пацыентаў дзіцячай бальніцы будзе размешчана менавіта ў ім, больш канкрэтна – у трохпавярховым гінекалагічным корпусе радзільнага дома. Туды пераедуць аддзяленне рэанімацыі на 6 ложкаў, аддзяленне дзяцей да 3 гадоў і аддзяленне дзяцей ад 3 да 18 гадоў з агульнай саматычнай паталогіяй. Аддзяленне ж дзяцей ад 3 да 18 гадоў з інфекцыйнай паталогіяй будзе размяшчацца ў інфекцыйным корпусе БЦБ.

– Два падраздзяленні гінекалагічнага аддзялення Бабруйскага радзільнага дома і экстранае аператыўнае планавае будуць пераведзены ў анкалагічны дыспансер, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Мы прадугледзелі, каб не было змешвання патокаў, каб функцыянаванне анкалагічнага дыспансера не было парушана і добра функцыянавала гінекалагічнае аддзяленне. У сваю чаргу ў цэнтральнай бальніцы мы зрабілі рамонт, каб стварыць годныя ўмовы для працы гэтага аддзялення. Сумесна з цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі мы правялі маніторынг магчымых умоў перамяшчэння ў гэтыя ўстановы аховы здароўя, усюды асяроддзе самае спрыяльнае, гэты варыянт найбольш аптымальны. Усе пытанні перамяшчэння таксама былі дэталёва прапрацаваны: ад лекавага забеспячэння і харчавання да дапаможных службаў і працы саміх аддзяленняў.

Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо прайшла экспертызу. Заказчыкам выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Бабруйска. Як толькі будзе абрана арганізацыя, якая выступіць генеральным падрадчыкам, дзяцей перавядуць на гэтыя дзве базы і пачнуцца работы па рэканструкцыі, а будаўнікі змогуць асвоіць наяўныя грашовыя сродкі. А гэта ні многа ні мала – крыху больш за 500 тысяч рублёў: 200 тысяч з іх былі вылучаны абласной інвестыцыйнай праграмай, 312 – удалося сабраць падчас дабрачыннай кампаніі, удзел у якой, дарэчы, прынялі нават інвестары з Германіі.



– Хачу выказаць вялікую падзяку тым, хто адгукнуўся на акцыю «Па закліку сэрца – усім светам» і падтрымаў дабрачынны марафон. А неабыякавых было шмат. Вялікі ім дзякуй!» – падзякаваў Уладзімір Уладзіміравіч.
Усяго ж для поўнай рэканструкцыі дзіцячай бальніцы неабходна 10 мільёнаў 426 тысяч рублёў. У наступным годзе прадугледжана і фінансаванне праекта абласной інвестыцыйнай праграмай. Сума канчаткова будзе зацвярджацца ўжо ў снежні на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.

Такім чынам, што ж будзе зроблена? Плануецца ўзмацненне канструкцый, уцяпленне сцен, замена даху і аконных блокаў, поўная перапланіроўка ўнутры аддзяленняў, закупка новых мэблі і абсталявання. Запланавана набыццё апарата УГД высокага класа, відэаэндаскапічнага абсталявання, электракардыёграфаў, фізіятэрапеўтычнага абсталявання...

Урэзка: Нагадаем, што будынак дзіцячай бальніцы быў пабудаваны ў 1963 годзе і мае 4 400 квадратных метраў (сумесна з двухпавярховай прыбудовай, у якой размяшчалася раней дзіцячая паліклініка №3). У дзіцячай гарадской бальніцы на 150 ложкаў такая ж плошча запланавана і пасля рэканструкцыі. У 2009 годзе ўжо было рэканструявана самае складанае і дарагое рэанімацыйнае аддзяленне (яго выязная рэанімацыйная брыгада абслугоўвае пяць прылеглых раёнаў Магілёўскай вобласці).

У філіяле №703 ААТ ААБ «Беларусбанк» яшчэ адкрыты дабрачынны рахунак BY91 AKBB 3642 1009 0235 4710 0000, БІК AKBBBY21703, на які кожны можа перавесці пасільную грашовую дапамогу.

bobrlife.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая