Рус Бел Eng 中文

Да праекта «Мой горад» 115.бел далучыўся Крычаў

Жыхары Крычава атрымалі магчымасць аператыўна паведамляць аб праблемах у сферы жыллёва-камунальных паслуг і гарадской гаспадаркі праз партал «Мой горад» 115.бел. Гэты горад стаў у Беларусі трэцім пасля Мінска і Віцебска, якія далучыліся да дадзенага праекта.

Паводле інфармацыі КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама», магчымасці партала «Мой горад» сталі даступныя жыхарам райцэнтра Магілёўскай вобласці з 19 сакавіка. Відавочна, пакуль далёка не ўсе жыхары горада ведаюць аб гэтай навіне: за 10 дзён на партал паступіла толькі 4 паведамленні. На сённяшні дзень партал працуе ў тэставым рэжыме, у сувязі з гэтым час мадэрацыі запытаў можа быць павялічаны.

«Мэта каманды «Мой горад» 115.бел – укараніць партал ва ўсе гарады Рэспублікі Беларусь з насельніцтвам больш за 100.000 жыхароў і зрабіць якасць жыцця жыхароў краіны лепшай, – падкрэслілі ў КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама». – Падключэнне Крычава – вельмі важны этап у дадзеным кірунку».

Згодна з зацверджаным для партала рэгламентам, запыты грамадзян пасля мадэрацыі накіроўваюцца ў падраздзяленні гарвыканкамаў або гарадскія службы для выканання. У той жа час 115.бел не з’яўляецца афіцыйным сайтам дзяржаўных органаў і арганізацый. Зваротная сувязь з грамадзянамі рэалізуецца праз магчымасць прагляду статусу апрацоўкі апублікаванага запыту, а таксама аналізу вынікаў выкананай працы па запыце ў фармаце малюнкаў «было» і «стала». Пры гэтым грамадзянін мае магчымасць уплываць на рэйтынг арганізацыі, ацэньваючы якасць выкананай па яго запыце работы.

З пачатку працы рэсурса – 1 лістапада 2015 года – тут зарэгістравана больш за 58,5 тысячы карыстальнікаў. Прынята 124,8 тысячы запытаў, вырашана 115,7 тысячы праблем. Колькасць зваротаў на партал у 2017 годзе ў параўнанні з 2016-м вырасла больш чым на 20%.

Крычаў – горад на ўсходзе Магілёўскай вобласці, адзін з найбуйнейшых раённых цэнтраў Беларусі, размешчаны за 104 км ад абласнога цэнтра. Сёння на тэрыторыі Крычаўскага раёна пражывае каля 34 тысяч чалавек, у тым ліку ў горадзе – 26,6 тысячы.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая