Рус Бел Eng 中文

Дні беларускага кіно пройдуць у кінатэатрах Магілёва з 15 па 20 снежня

Дні беларускага кіно пройдуць у кінатэатрах Магілёва з 15 па 20 снежня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».

Жыхароў абласнога цэнтра запросяць паглядзець меладраму «Салодкае развітанне Веры», ваенную драму «Я родам з дзяцінства», фільмы «Высокая кроў», «Цень ворага», драмы «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня», «Людзі на балоце», дакументальныя работы «Ефрасіння Полацкая. Жыццё пасля смерці» і «Першадрук». Праграма таксама ўключае кінавідэамерапрыемствы «Беларускі кінематограф учора і сёння», «Беларускі кінематограф у асобах», «Мая радзіма Беларусь у нацыянальным кінематографе», «Любімае беларускае кіно». Акрамя таго, гледачоў чакае дэманстрацыя кінаальманаха «Мы», які складаецца з пяці навэл («Падарунак Санта-Клауса», «Спадарожнік», «Дыялог», «Лялька», «Брача») беларускіх рэжысёраў пра жыхароў сучаснага мегаполіса, пра пошукі праўды, любові, надзеі, сэнсу і свайго месца ў жыцці.

Даведка

Дзень беларускага кіно адзначаецца ў нашай краіне 17 снежня. Гэта дата для прафесійнага свята абрана не выпадкова. 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных камісараў «Аб кінавытворчасці ў БССР». У той жа дзень пры Наркамасветы было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі – «Белдзяржкіно». З гэтага дня і вядзе адлік сваёй гісторыі нацыянальны кінематограф, а дзень 17 снежня з 1994 года ўказам Прэзідэнта аб’яўлены ў краіне прафесійным святам айчынных кінематаграфістаў – Днём беларускага кіно.

Першым беларускім мастацкім фільмам была гісторыка-рэвалюцыйная карціна «Лясная быль». Паставіў яе рэжысёр Юрый Тарыч паводле аповесці Міхася Чарота ў 1926 годзе, а ў 1928 годзе з’явілася і ўласная кінастудыя «Савецкая Беларусь» – прамаці цяперашняга «Беларусьфільма». Праўда, праз адсутнасць уласнай матэрыяльнай базы яна знаходзілася ў горадзе на Няве і толькі ў 1939 годзе пераехала ў Мінск.

За час дзейнасці «Беларусьфільмам» знята больш за 500 мастацкіх фільмаў, выпушчаны тысячы дакументальных, навукова-папулярных і навучальных карцін, а таксама больш за 125 мультфільмаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая