Рус Бел Eng 中文

Дні беларускага кіно пройдуць у кінатэатрах Магілёва з 17 па 23 снежня

Дні беларускага кіно пройдуць у кінатэатрах Магілёва з 17 па 23 снежня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».

Жыхароў абласнога цэнтра запросяць паглядзець дакументальны фільм «Дэбют» (2017 г.), містычную драму «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979 г.), камедыі «Белыя росы» (1984 г.) і «У асабістую прастору ўваход забаронены» (2017 г.), кінааповесць «Расклад на паслязаўтра»(1979 г.), стужкі «Жыла-была Ялінка. Загадка любімай песні» (2012 г.) і «Кіндар-Вілейскі прывід» (2014 г.), зборнік мультфільмаў «Гісторыі перад Новым годам» (1996-2009 гг.), сямейны фільм «ТУМ-ПАБІ-ДУМ» (2017 г.), драму «Людзі на балоце» (1981 г.) і інш. Праграма таксама ўключае кінавідэамерапрыемствы «Беларускі кінематограф», «Беларусьфільм – дзецям», «Каб сэрца і душа былі маладымі».

Даведка

Дзень беларускага кіно адзначаецца ў нашай краіне 17 снежня. Гэта дата для прафесійнага свята выбрана не выпадкова. 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных Камісараў «Аб кінавытворчасці ў БССР». У той жа дзень пры Наркамасвеце было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі – «Белдзяржкіно». З гэтага дня і вядзе адлік сваёй гісторыі Нацыянальны кінематограф, а дзень 17 снежня з 1994 года ўказам Прэзідэнта абвешчаны ў краіне прафесійным святам айчынных кінематаграфістаў – Днём беларускага кіно.

Першым беларускім мастацкім фільмам была гісторыка-рэвалюцыйная карціна «Лясная быль». Паставіў яе рэжысёр Юрый Тарыч паводле аповесці Міхася Чарота ў 1926 годзе, а ў 1928 годзе зявілася і ўласная кінастудыя «Савецкая Беларусь»–- прамаці сёлетняга «Беларусьфільма». Праўда, за адсутнасцю ўласнай матэрыяльнай базы яна знаходзілася ў горадзе на Няве і толькі ў 1939 годзе пераехала ў Мінск.

Сёння Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфіль» вертыкальна інтэграваная кампанія з поўным завершаным цыклам вытворчасці, здольная выпускаць да 15 гульнявых, 40 хранікальна-дакументальных і 10 анімацыйных фільмаў на год з поўным цыклам вытворчасці кіна-, відэа-і тэлепрадуктаў любой складанасці.

У рэчышчы агульнасусветнай практыкі на кінастудыі «Беларусьфільм» усё часцей ажыццяўляюцца творчыя праекты па стварэнні мастацкіх фільмаў з кінематаграфістамі іншых краін. Такаля 20-30 кінавытворчых кампаній з Расійскай Федэрацыі штогод карыстаюцца паслугамі вытворчай базы кінастудыі.

За час дзейнасці «Беларусьфільмам» знята больш за 500 мастацкіх фільмаў, выпушчаны тысячы дакументальных, навукова-папулярных і навучальных карцін, а таксама больш за 120 мультфільмаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая