Рус Бел Eng 中文

Двухтысячны паказчык намалоту і перавозкі ў Магілёўскім раёне пераадолелі камбайнеры і кіроўцы «Зары»

У Магілёўскай вобласці двухтысячны паказчык намалоту і перавозцы збожжа ўзялі два экіпажы камбайнераў і два кіроўцы ЗАТ «Агракамбінат «Зара» (Магілёўскі раён).

Лідары жніва перасягнулі запаветную рысу 9 жніўня пасля заходу сонца, калі на полі ўжо пачала паказвацца раса. Першымі ў рэгіёне 2 тыс. т. ўраджаю сабралі старшы камбайнер Уладзімір Мельнікаў і камбайнер Аляксей Макосаў, а таксама экіпаж вядомай у раёне дынастыі камбайнераў бацькі і сына Корсакаў. Сярод кіроўцаў вызначыліся Юрый Манкевіч і Лангуры Хасія.

З высокім дасягненнем перадавікоў павіншаваў на полі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. «Прыемна, што побач з вопытнымі ўдзельнікамі жніва паспяхова працуе моладзь, – адзначыў губернатар. – Калектыў «Зары» вядомы сваімі дасягненнямі не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Тут закладзены моцныя працоўныя традыцыі, якія з году ў год прыносяць добры вынік. У гаспадарцы ўбрана толькі трэць плошчаў, таму, упэўнены, цяперашняя перамога – далёка не апошняе дасягненне агракамбіната, а яго спецыялісты абавязкова будуць адзначаны ўзнагародамі на абласным свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

«Усе раёны Прыдняпроўскага краю вельмі сур’ёзна ўключыліся ва ўборачную кампанію і максімальна выкарыстоўваюць добрыя ўмовы надвор’я, – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. – Галоўная задача, якая стаіць перад аграрыямі рэгіёна – якасна, у тэрміны і без страт убраць ураджай, паколькі ў кожнае зярнятка ўкладзена праца многіх людзей».

Губернатар падзякаваў лідарам жніва за адказны падыход да справы, прафесіяналізм, заўважыўшы, што такія спецыялісты ўносяць неацэнны ўклад у выкананне важнай дзяржаўнай задачы – забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Ад Магілёўскага аблвыканкама ён уручыў перадавікам падзякі і каштоўныя падарункі. Таксама камбайнераў і вадзіцеляў павіншавалі грашовымі прэміямі і граматамі прадстаўнікі райвыканкама, абкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а на тэхніцы двухтысячнікў з’явіліся спецыяльныя інфарматыўныя налепкі. Акрамя таго, Юрый Манкевіч як малады кіроўца атрымаў заахвочванне ад абласнога камітэта ГА «БРСМ».

«Паспрабуем і надалей заставацца ў ліку лідараў. Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла. Камбайну варта толькі раз зламацца, і яго гаспадар ужо значна адстане ад многіх, хто за гэты час паспеў папрацаваць на хлебнай ніве», – сказаў Уладзімір Мельнікаў. Мужчына адказна працуе ў гаспадарцы ўжо 25 гадоў, і гэта сямнаццатае яго жніво. А вось у тандэме з маладым калегам Аляксеем Макосавым выйшаў на поле ў гэтым годзе ўпершыню.

«Калі добры калектыў, тады і праца ладзіцца, – заўважыў Уладзімір Корсак-старэйшы. – Галоўнае, каб кожны ведаў сваю справу і дружна працаваў у адной звязцы, тады і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Шмат што залежыць ад падрыхтоўкі камбайна, бо на ўборцы важная кожная хвіліна – прастояў быць не павінны. А надвор’е – гэта ўжо другаснае». Мужчына – неаднаразовы лідар уборачнай і працуе ў гаспадарцы на камбайне 9 гадоў. Чатыры гады плячо ў плячо з бацькам працуе сын Уладзімір. У планах хлопца – адслужыць у арміі, аддаць доўг Радзіме, а пакуль выдалася магчымасць – зарабіць грошы для сям’і.

Малады кіроўца Юрый Манкевіч працуе ў сельгаспрадпрыемстве з 2007 года. Некалькі апошніх гадоў займае першыя месцы на адвозцы збожжа ў гарачую пару. Кажа, што дома і сцены дапамагаюць, але хочацца дадаць, што яшчэ і працавітасць. Яго вопытны і тытулаваны канкурэнт Лангуры Хасія запэўніў, што ў гаспадарцы створаны ўсе ўмовы, каб дамагацца перамог на ўборачнай.

Калектыў ЗАТ “Агракамбінат “Зара” ў ліку лідараў жніва на Магілёўшчыне не першы год. Складнікі высокага выніку – штодзённая карпатлівая праца, граматнае стаўленне да зямлі, выкананне тэхналогій вырошчвання збожжавых культур і вопыт пакаленняў. У гэтым годзе ў гаспадарцы трэба будзе ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на плошчах больш за 3 тыс. га і атрымаць 22-23 тыс. т збожжа пры ўраджайнасці не менш леташняй: 71 ц/га. Ураджай вырашчаны добры, і ёсць усё неабходнае, каб сабраць хлеб у аптымальныя тэрміны.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая