Рус Бел Eng 中文

Дзень снегу ў Магілёве адзначаць першынством па гарналыжным спорце

Дзень снегу ў Магілёве адзначаць адкрытым першынством па гарналыжным спорце. Спаборніцтва плануюць правесці 20 студзеня ў 11.00 на слаламнай трасе ААТ «МагілёўАтракцыёны» (Пячэрскі лесапарк), паведаміла карэспандэнту сайта галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Іна Ноздрын-Плотніцкая.

Паводле слоў суразмоўніцы, у спаборніцтвах прымуць удзел выхаванцы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і клубаў. Свае заяўкі на ўдзел ужо падалі прадстаўнікі Магілёва, Мінска і Віцебскай вобласці. Рэгістрацыя працягнецца да 19 студзеня ўключна па электроннай пошце mgdusch-4@yandex.ru. Тыя, хто па якой-небудзь прычыне не паспее гэта зрабіць праз інтэрнэт, змогуць прайсці працэдуру непасрэдна перад пачаткам спаборніцтваў. Абавязковай умовай для ўдзелу ў спаборніцтвах з’яўляецца выкарыстанне інвентара, які адказвае патрабаванням бяспекі, і ахоўнага шлема.

Першынство будзе праводзіцца па чатырох узроставых групах: юнакі і дзяўчаты 2003 года нараджэння і старэйшыя, 2004-2005, 2006-2007, а таксама 2008 года нараджэння і маладзейшыя.

Спартсмены, якія занялі 1, 2, 3 месцы ў кожнай узроставай групе, будуць узнагароджаны медалямі і дыпломамі адпаведных ступеняў.

Арганізатарам спаборніцтваў выступае аддзел адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая