Рус Бел Eng 中文

Дзіцячую гульнявую пляцоўку для міні-футбола адкрыюць 13 верасня ў Клічаве

Дзіцячую гульнявую пляцоўку са штучным пакрыццём для міні-футбола адкрыюць сёння ў Клічаве. Спартыўны аб’ект стане падарункам райцэнтру да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», як паведамілі карэспандэнту сайта ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

Чакаецца, што ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прымуць удзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Сяргей Румас, старшыня абласной федэрацыі футбола Анатоль Глаз, старшыня раённага выканаўчага камітэта Францішак Вашчыла.

Праграмай мерапрыемства запланавана не толькі сімвалічнае перарэзванне чырвонай стужкі, асвячэнне новага аб’екта, але і дэманстрацыя здольнасцяў юных футбалістаў. Менавіта іх узнагародзяць правам правесці першы таварыскі матч на міні-полі.

«На Клічаўшчыне любяць і паважаюць спорт, – адзначылі суразмоўцы. – Раён славіцца перамогамі і дасягненнямі землякоў. Адкрыццё спартыўнай пляцоўкі – яшчэ адна магчымасць для юнакоў працягнуць плеяду перамог спартсменаў раёна. Акрамя таго, са з’яўленнем новага спартыўнага аб’екта ў дзяцей і дарослых з’явіцца рэальная магчымасць з цікавасцю і карысцю праводзіць свой вольны час».

Будаўніцтва падобных пляцовак было ініцыявана некалькі гадоў таму СТАА «НТС» (праваўладальніка гандлёвага знака «Родная старана») і асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола». Праект прадугледжвае будаўніцтва на працягу 5 гадоў у Беларусі 118 міні-футбольных палёў круглагадовага выкарыстання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая