RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў аграгарадку Разанцы Мсціслаўскага раёна

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся сёння ў аграгарадку Разанцы Мсціслаўскага раёна. Ключы ад камфортнага жылля атрымала шматдзетная сям’я Святланы і Валянціна Рабцавых, якая выхоўвае чацвярых прыёмных дзяцей: Карыну і Яўгена (па 14 гадоў), яшчэ адну Карыну (9 гадоў) і трохгадовую Арыну.

Да гэтага сям’я жыла ў кватэры тут жа, у Разанцах. Святлана і Валянцін Рабцавы займаюцца выхаваннем прыёмных дзяцей з 2004 года. За гэты час пры іх удзеле пуцёўку ў жыццё атрымалі двое прыёмных хлопцаў і двое сваіх.

Двухпавярховы катэдж агульнай плошчай 280 м2 пабудаваны за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў Клімавіцкай ПМК №256 Магілёўаблсельбуда. У ім восем прасторных пакояў, у тым ліку вялікая гасцёўня, кухня, дзве ванныя, гульнявая зала і пяць спальняў. Сёння занятыя толькі тры з іх. Астатнія, як адзначылі ў аддзеле па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама, будуць абжывацца ў найбліжэйшы час дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэта значыць, што сям’я будзе папаўняцца, паколькі дом сямейнага тыпу існуе пры ўмове пражывання ў ім мінімум пяцярых дзяцей.

Акультурана і добраўпарадкавана прылеглая да дома тэрыторыя: на ёй размешчана гульнявая пляцоўка, ёсць гаспадарчыя пабудовы і невялікі агарод.

Рэалізаваць праект дапамаглі абласная і мясцовая ўлада, раённыя сельгаспрадпрыемствы, шматлікія спонсары і грамадскія арганізацыі, якія сумеснымі намаганнямі набылі для прасторнага будынка мэблю, аксесуары, бытавую тэхніку і цацкі.

Адкрыты ў аграгарадку Разанцы дом сямейнага тыпу стаў 53-м у Магілёўскай вобласці. На сённяшні дзень у рэгіёне засталася толькі адна інтэрнатная ўстанова – у Бабруйску. Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, у Прыдняпроўскім краі 80% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пражывае ў прыёмных сем’ях.

Па матэрыяле mogilevnews.by

Фота -  раёная газета «Святло кастрычніка»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая