Рус Бел Eng 中文

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Магілёўскім раёне

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Магілёўскім раёне. Сацыяльны аб’ект, які стаў трэцім у раёне і 57-м у вобласці, размясціўся ў новай забудове вёскі Мікалаеўка-2. Ключы ад жылля атрымала шматдзетная сям’я Святланы Марчанка і Аляксандра Нікіфарава.

Двухпавярховы катэдж пабудаваны дзяржаўным унітарным камунальным даччыным дарожна-будаўнічым прадпрыемствам «Бялыніцкая ПМК-241». Не засталіся ў баку кіраўнікі арганізацый рэгіёна, якія зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб дом быў камфортным. Ён сапраўды атрымаўся ўтульным і прасторным: тут некалькі спальняў, гульнявая зала, вялікая гасцёўня, кухня, два ванныя пакоі, гараж і іншыя неабходныя памяшканні. За домам абсталявана гульнявая пляцоўка.

Адкрываючы дзіцячы дом сямейнага тыпу, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што сённяшнія ўваходзіны асаблівыя, паколькі пад адным дахам будзе жыць сапраўдны сямейны калектыў. «У гэтым доме будуць расці дзеці, якія засталіся без увагі і апекі бацькоў па розных прычынах. Але, дзякуючы такім людзям, як Святлана Марчанка і Аляксандр Нікіфараў, дзеці здабудуць добрую і дружную сям’ю, ласку і любоў, – сказаў губернатар. – Праграма па будаўніцтве дамоў сямейнага тыпу рэалізуецца ў рэгіёне і краіне ў цэлым, каб адысці ад буйных інтэрнатных устаноў. За няпоўныя 9 гадоў у вобласці закрылася 9 інтэрнатаў, а 87% дзяцей вызначаны на сямейныя формы ўладкавання».

Ён выказаў словы асаблівай удзячнасці прыёмным бацькам за тое, што яны выконваюць сур’ёзную дзяржаўную справу. «Хай гэты дом заўсёды будзе напоўнены радасцю і дзіцячым смехам, нягоды абыходзяць бокам, пануе разуменне і ўзаемадапамога, а дзеці радуюць сваімі адзнакамі і поспехамі», – пажадаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. Ва ўрачыстай абстаноўцы Уладзімір Даманеўскі ўручыў главе сям’і падарунак ад аблвыканкама.

Павіншаваць навасёлаў таксама прыйшлі прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар, старшыня Магілёўскага райвыканкама Анатоль Дуцько, дырэктар Бялыніцкай ПМК-241 Уладзімір Раманенка, настаяцель Свята-Пакроўскага храма Прасвятой Багародзіцы айцец Мікалай.

Ад імя ўсёй сям’і словы ўдзячнасці людзям, дзякуючы якім з’явілася гэтае камфортнае жыллё, выказала Святлана Марчанка. «Мы пастараемся зрабіць усё, каб у нашым доме панавала цеплыня, утульнасць, паразуменне, шчасце і любоў. Прыкладзём максімум намаганняў, каб святло і дабрыня нашых душ сагрэлі яшчэ шмат маленькіх сэрцайкаў. Бо без вялікай сям’і мы самотныя, а жыццё здаецца такім пустым», – сказала шматдзетная мама.

Сям’я Святланы Марчанка і Аляксандра Нікіфарава займаецца выхаваннем прыёмных дзяцей з 2006 года. За гэты час пуцёўку ў жыццё атрымалі пяць прыёмных дзяцей. Таксама пакінулі бацькоўскі дом дзве свае дачкі. «Выпускнікі» – гонар для бацькоў. Яны атрымалі добрую адукацыю. Некаторыя ўжо спрабуюць будаваць свае сем’і.

Зараз у сям’і выхоўваецца чатыры прыёмныя хлопчыкі і свая дзяўчынка, а з дня на дзень з’явіцца яшчэ і 3-гадовая малая. Святлана Марчанка ўпэўнена: каб стаць сапраўднымі бацькамі, трэба з першых хвілін знаёмства лічыць дзіця родным, тады ўсё атрымаецца. «Вядома, узнікаюць цяжкасці. Бываюць узлёты і падзенні, але мы з усім спраўляемся, – распавяла мама. – Дзеткі, якія засталіся без апекі, асабліва маюць патрэбу ў цяпле і ласцы, клопаце і ўвазе. Калі яны ўпітваюць гэтую любоў, пачынаюць праяўляць сябе па-іншаму. Я вучу сыноў і дачку быць дружнымі, дзяліцца і дапамагаць адзін аднаму. Бываюць сваркі і крыўды. Іх мы вырашаем за круглым сталом, разбіраючы і аналізуючы сітуацыю, якая склалася. Крык не вырашыць праблемы, таму на сваіх дзяцей я ніколі не падымаю голас».

Усе дзеці называюць бацькоў «мама» і «тата». Прычым такое рашэнне яны прымаюць самастойна. Тое, што ў доме жывуць не «цётка Света» і «дзядзька Саша», а «мама, матуля, мамачка і татачка», кажа пра многае і дарагога варта.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая