Рус Бел Eng 中文

Эфектыўнасць работы СЭЗ «Магілёў» неабходна павышаць - КДК

На калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці разгледжаны вынікі аўдыту эфектыўнасці работы СЭЗ «Магілёў». Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні камітэта Юрый Фралоў.

Быў адзначаны істотны ўплыў СЭЗ на эканоміку рэгіёна. У 2015-2017 гадах доля рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны ў асноўных макраэканамічных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыдняпроўскага краю складала 15-52%.

Разам з тым, паводле ацэнкі, СЭЗ «Магілёў» функцыянуе недастаткова эфектыўна. «Актывізацыі працэсаў арганізацыі на яе тэрыторыі высокатэхналагічных, інавацыйных, прарыўных вытворчасцяў не назіраецца. Да таго ж у апошнія гады намеціўся шэраг негатыўных тэндэнцый: стратная праца асобных рэзідэнтаў, зніжэнне ўзроўню ўкладзеных інвестыцый і адгружанай інавацыйнай прадукцыі», - падкрэсліў Юрый Фралоў.

Таксама адзначана невыкананне рэзідэнтамі СЭЗ у поўным аб'ёме прадугледжаных заканадаўствам крытэрыяў эфектыўнасці іх дзейнасці, зніжэнне колькасці рэзідэнтаў СЭЗ, недастатковы ўзровень заработнай платы ў асобных з іх, парушэнні рэзідэнтамі СЭЗ заканадаўства аб знешнеэканамічнай дзейнасці, непрыняцце належных мер па ахове навакольнага асяроддзя.

Па выніках пасяджэння калегіі Магілёўскаму аблвыканкаму, адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» і іншым зацікаўленым унесены прапановы для прыняцця мер рэагавання. Іх рэалізацыя ўзята на кантроль.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая