Рус Бел Eng 中文

Этнасвята «У Госці да радзімічаў» адбудзецца 25 жніўня ў Чавускім раёне

У аграгарадку Радомля Чавускага раёна 25 жніўня пройдзе V Этнасвята «У Госці да радзімічаў», заснаванае на падзеях і стылістыцы 9-12-х стагоддзяў. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства.

Адкрыецца форум у 14.15 тэатралізаваным прадстаўленнем «Падарожжа ў сівую даўніну». У рамках перфоманса будуць прадстаўлены эпізоды «Племя радзімічаў», «Капальня» і інш.

У праграме свята таксама запланаваны паказальныя выступленні жодзінскага клуба гістарычнай рэканструкцыі «хірд Ваўкі», канцэрты гурта «Хмяльны Вір» (Мінск), этнакалектыву і школы ігры на дыджэрыду «Рэха Зямлі» (Гомель). Не абыдзецца без этнатанцаў: арганізатары падрыхтавалі забаўляльную праграму з гульнявымі элементамі, у якой прымуць удзел сталічны дуэт беларускай і сярэднявечнай музыкі «Дзівабор» і магілёўскі «Куралес». Цікавым абяцае быць і майстар-клас па старажытных музычных інструментах ад Васіля Купрыяненкі.

Акрамя таго, у рамках этнасвята плануюць правесці традыцыйны конкурс па здабычы «жывога агню», а таксама конкурс культуры і побыту насельніцтва старажытнай Беларусі «Час старажытнасці». Удзельнікі апошняга будуць прадстаўляць «племянныя стаянкі», у якіх знойдуць адлюстраванне падзей і стылістыкі 9-11 стагоддзяў, побыт эпохі ранняга Сярэднявечча: утылітарныя прадметы побыту і прылады працы, рэканструяваныя або стылізаваныя касцюмы гэтага перыяду і іншае.

На працягу ўсяго фестывалю будуць працаваць майстры народных мастацкіх рамёстваў, інтэрактыўныя зоны, музей пад адкрытым небам, у якім прадставяць сваё традыцыйнае майстэрства мясцовыя жыхары.

Завершыцца форум вогненным спектаклем. Пятнаццаціхвілінная яркая праграма ў выкананні калектыву «AGNI show» з Віцебска пачнецца ў 21.40. 

Існуе гіпотэза, што на тэрыторыі сучаснага аграгарадка Радомля некалі грунтавалася племя радзімічаў, пра што сведчаць рэшткі старажытнага гарадзішча, на месцы якога быў пабудаваны замак. На пляцоўцы каля Замкавай гары, дзе штогод праходзіць этнасвята, у 2014 годзе ўстаноўлена традыцыйнае жыллё радзімічаў, а побач драўляная канструкцыя для здабычы «жывога агню».

Фота - mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая