Рус Бел Eng 中文

Фіналіста турніру «Залатая шайба» ад Магілёўскай вобласці ў старэйшай групе дывізіёна «А» вызначаць 20-21 снежня ў Горках

Каманды-ўдзельніцы фінальнага этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад Магілёўскай вобласці ў дзвюх узроставых групах вызначаць у Горках і Шклове. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла метадыст Магілёўскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Людміла Манёнак.

З 2015 года спаборніцтвы праводзяцца па пашыранай схеме. У дывізіёне «А» ўдзельнічаюць каманды раёнаў і гарадоў, дзе маюцца фізкультурна-спартыўныя збудаванні са штучным лёдам, а ў дывізіёне «Б» спаборнічаюць калектывы, дзе такіх збудаванняў няма. «Нягледзячы на тое, што ў апошніх трэніроўкі праходзяць на адкрытым лёдзе, што істотна скарачае час для занятку хакеем, гэта зусім не памяншае жаданне хлопцаў аддавацца з усім запалам любімай гульні», – падкрэсліла Людміла Манёнак.

Традыцыйна ў турніры прымаюць удзел хлапчукі, якія не выступаюць на афіцыйных першынствах па хакеі з шайбай сярод дзяцей і юнакоў. «Фіналістам абласнога этапу давялося прайсці праз сіта папярэдніх спаборніцтваў у сваіх гарадах і раёнах. У выніку за пуцёўку на Рэспубліку пазмагаюцца найлепшыя хакейныя дружыны рэгіёна ў старэйшай і малодшай узроставых групах», – адзначыла яна.

Хакеістаў дывізіёна «А» прыме Лядовая арэна ў Горках. 20-21 снежня тут пройдуць баталіі ў старэйшай узроставай групе 2002–2004 год нараджэння. На перамогу прэтэндуюць зборныя з Магілёва, Бабруйска, Горак і Шклова.

Пераможца абласных спаборніцтваў атрымае права прадставіць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім этапе «Залатой шайбы». Спаборніцтвы адбудуцца 2-8 студзеня 2019 года ў Мінску.

Гульні абласнога этапу ў малодшай узроставай групе дывізіёна «А» пройдуць у студзені-лютым наступнага года ў Горках, а дзве групы дывізіёна «Б» будуць вызначаць наймацнейшых у Шклове.

«Залатая шайба» для юных хакеістаў – гэта не толькі займальныя спаборніцтвы і цікавы вопыт, але і рэальны шанец заявіць пра сябе, трапіць у спецыялізаваныя спартыўныя школы па хакеі», – падкрэсліла Людміла Манёнак.

Упершыню турнір «Залатая шайба» прайшоў у СССР у зімовым сезоне 1964-1965 гадоў пасля таго, як у газеце «Піянерская праўда» быў апублікаваны заклік «На старт, сябры! Залатая шайба кліча!» Родапачынальнікам спаборніцтваў быў вядомы трэнер Анатоль Тарасаў.

З 1997 года «Залатая шайба» з’яўляецца адным з самых папулярных дзіцяча-юнацкіх спартыўных турніраў Беларусі. Шмат у чым дзякуючы гэтым спаборніцтвам ва ўсіх раёнах краіны дзіцячы хакей атрымаў масавае развіццё. Галоўная ўмова і адметная рыса спаборніцтваў – удзел у турніры выключна дваровых каманд. У той жа час шлях з «Залатой шайбы» ў прафесіяналы цалкам магчымы, па выніках спаборніцтваў хлопцаў не раз трапляў у спецыялізаваныя спартыўныя навучальныя ўстановы. У свой час у турніры прымалі ўдзел такія знакамітыя хакеісты, як Уладзіслаў Траццяк, Аляксандр Мальцаў, Вячаслаў Фяцісаў, Уладзімір Крутаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая