Рус Бел Eng 中文

Франтавую канцэртную брыгаду стварылі ў Бялынічах да Дня Перамогі

На Магілёўшчыне ўсе 785 ветэранаў да Дня Перамогі атрымалі падарункі і віншаванні ад уладаў, мясцовых жыхароў, моладзі. 9 Мая на вуліцы ўжо часцей выходзяць іх дзеці і ўнукі. Тысячы людзей у Магілёве ўскладалі вянкі і кветкі да мемарыялаў і помнікаў, удзельнічалі ў святочным шэсці-парадзе, канцэртах і тэатралізаваных прадстаўленнях.

А вось у Бялынічах не толькі паклапаціліся аб ветэранах, арганізавалі маляўнічае шэсце і ўпрыгожылі горад, але здолелі стварыць сапраўднае «свята са слязамі на вачах». З актывістаў мясцовай самадзейнасці стварылі «франтавую брыгаду», якая на стылізаваным аўтамабілі спынялася на імправізаваных канцэртных пляцоўках, з песнямі і танцамі віншавала мясцовых жыхароў са святам. 4 тыс. такіх франтавых брыгад падчас вайны ўздымалі баявы дух воінаў Чырвонай арміі.

Старшыня Бялыніцкага райвыканкама Мікалай Кадаценка пацвердзіў, што людзі не засталіся абыякавымі да гэтай ідэі. «Святочны настрой быў і ў артыстаў, і ў гледачоў! Разам з «франтавой брыгадай» танцавалі ўрачы нашай раённай бальніцы, людзі выходзілі на вуліцы, глядзелі з вокнаў і балконаў, спыняліся машыны. Стварыць настрой свята – гэта так жа важна, як падтрымліваць у парадку ўсе 124 воінскія пахаванні на бялыніцкай зямлі», – адзначыў ён.

Галоўным героем святочнага шэсця Перамогі ў Бялынічах стаў ветэран партызанскага руху Віктар Аржанкоў, які сустрэў вайну 17-гадовым падлеткам, а ў маі 45-га з Чырвонай арміяй быў ужо пад Гамбургам. «Аб Перамозе мы ведалі яшчэ 8мая, – расказваў ён. – Мы радаваліся таму, што жывыя, што сустрэнем сваіх родных, вернемся на радзіму. Радаваліся, як дзеці! Гэта была святая радасць!»

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая