Рус Бел Eng 中文

Галерэю рамёстваў у Год малой радзімы адкрылі ў Магілёве

Галерэю рамёстваў у Год малой радзімы адкрылі ў Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. Аб гэтым паведаміў дырэктар установы адукацыі Алег Бахановіч.

Галерэя размясцілася ў адным са спецыяльна абсталяваных памяшканняў на другім паверсе каледжа. У яе экспазіцыі прадстаўлена маштабная калекцыя розных вырабаў, падарункаў і сувеніраў ручной работы, створаных выкладчыкамі і выхаванцамі каледжа. Усяго тут сабрана больш за 500 розных экспанатаў з саломкі, лёну, лазы, а таксама дэкаратыўных, разьбяных, сталярных і швейных вырабаў.

«Гэта адзін з праектаў, які запланаваных намі да рэалізацыі ў Год малой радзімы і накіраваны на развіццё і папулярызацыю традыцыйных народных рамёстваў. Наша галерэя адкрыта для ўсіх жадаючых. Да таго ж госці могуць не толькі паглядзець, што вырабляюць у каледжы на занятках і ў гуртках, але і набыць што-небудзь на памяць. Акрамя таго, мы прапануем экскурсію па нашым музеі, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй каледжа і горада Магілёва, даведацца аб помніках архітэктуры абласнога цэнтра, найважнейшых вехах яго развіцця і знакамітых людзях», – адзначыў Алег Бахановіч.

Адраджаючы спрадвечна беларускія рамёствы, работнікі і навучэнцы каледжа стварылі эксклюзіўныя калекцыі гербаў і гістарычных помнікаў Магілёўскай вобласці і Беларусі, а таксама дэкаратыўныя пано, прысвечаныя флоры і фаўне краіны і створаныя па матывах твораў Янкі Купалы. Штогод на рэспубліканскіх выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці гэтыя работы займаюць прызавыя месцы.

У каледжы практычна ўсе дзеці, незалежна ад атрымання адукацыі па абранай спецыяльнасці, навучаюцца элементам той ці іншай прафесіі, традыцыйным для Беларусі рамёствам. Рэалізацыя рамесных вырабаў, а таксама аказанне каледжам розных паслуг, дазволілі зарабіць у 2017 годзе больш Вг800 тыс. пазабюджэтных сродкаў. Гэтыя грошы выдаткоўваюцца пераважна на заахвочванне педагогаў і дзяцей, аказанне малазабяспечаным катэгорыям дзяцей адраснай дапамогі, а таксама на ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы.

«Наш каледж з’яўляецца абсалютным лідарам у вобласці па пазабюджэтнай дзейнасці. У разліку на аднаго навучэнца сума пазабюджэтнай дзейнасці ў 2017 годзе склала Вг571, што на Вг17 вышэй за паказчык папярэдняга года. Мы стараемся ісці ў нагу з часам і вырабляць вырабы, аказваць паслугі, запатрабаваныя на рынку. Але галоўнае – мы рыхтуем выдатных спецыялістаў, за якіх не даводзіцца чырванець пры іх працаўладкаванні», – падкрэсліў Алег Бахановіч.

Вынікам высокаэфектыўнай працы з’яўляецца занясенне каледжа на Дошку гонару 11 гадоў запар як найлепшай установы адукацыі і навукі Магілёўскай вобласці. Па выніках працы ў 2017 годзе калектыў узнагароджаны дыпломам Мінадукацыі як найлепшая прафесійна-тэхнічная ўстанова адукацыі ў рэспубліцы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая