Рус Бел Eng 中文

Гарады Магілёўскай вобласці актыўна далучаюцца да Еўрапейскага тыдня мабільнасці – 2018

Гарады Магілёўскай вобласці актыўна далучаюцца да Еўрапейскага тыдня мабільнасці – 2018. Пра гэта сведчаць дадзеныя афіцыйнага сайта міжнароднага праекта.

У ліку зарэгістраваных ужо ёсць Бабруйск, Чавусы, Горкі, Дрыбін, Клічаў, Крычаў, Круглае, Мсціслаў, Асіповічы, Чэрыкаў. Стаць актыўнымі ўдзельнікамі Тыдня мабільнасці плануюць і магілёўцы, а каардынатарам мерапрыемстваў, якія паспрыяюць развіццю веласіпеднага руху ў горадзе, выступае ініцыятыва «Тутэйшы ровар» сумесна з Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў пры падтрымцы ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама.

Так, 16 верасня жыхароў сталіцы Прыдняпроўскага краю запрашаюць на пакатушкі «У пошуках самага высокага бардзюра». Арганізатары прапануюць веласіпедыстам праехаць па вуліцах Магілёва, каб зрабіць замеры самых высокіх бардзюраў. Тыя, хто не забяспечвае безбар’ернае асяроддзе, будуць занесены на інтэрактыўную карту. Спасылку на яе апублікуюць у групах «Тутэйшы ровар» і «Цэнтр гарадскіх ініцыятыў» УКантакце. Таксама сабраныя дадзеныя перададуць у адказныя службы – УКП, ДАІ і ДМП, каб адрасы ўключылі ў рабочы план па рамонце вулічна-дарожнай сеткі і стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў горадзе.

На 17 верасня запланавана акцыя «на працу на ровары». Таму, хто абраў для паездак на працу або вучобу ровар, валанцёры будуць дарыць садавіну. Пачастунак за выбар экалагічнага транспарту можна будзе атрымаць з 7.30 да 9.30 на веладарожцы па праспекце Пушкінскай і з 17.00 да 19.00 на веладарожцы ўздоўж Мінскай шашы.

Хто хутчэй – ровар ці грамадскі транспарт – будуць высвятляць 22 верасня. У эксперыменце могуць прыняць удзел усе жадаючыя. Мэта – адказаць на хвалюючае пытанне: ці зможа веласіпедыст, рухаючыся згодна з ПДР, праехаць маршрут хутчэй грамадскага транспарту. Арганізатары набяруць дзве каманды: веласіпедыстаў і пасажыраў, якія павінны будуць праехаць з пункта А ў пункт Б. Хто з іх дабярэцца хутчэй, пакажа эксперымент. Для ўдзелу неабходна мець ровар, або праязны на ўсе віды транспарту, або грошы на праязны білет.

На сустрэчы «Як самастойна арганізаваць падарожжа на ровары?», якая адбудзецца 25 верасня, веласіпедысты з ініцыятывы «Тутэйшы ровар» раскажуць пра сваю паездку ў Грузію: падзеляцца галоўнымі лайфхакамі, раскажуць кур’ёзныя гісторыі з падарожжа, прэзентуюць топ месцаў краіны, пакажуць фота і відэапрэзентацыю.

Усе мерапрыемствы бясплатныя і пройдуць у межах праекта «Гарадскі веларух ў Беларусі» пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Больш падрабязна аб кожным можна прачытаць на старонках ініцыятывы «Тутэйшы ровар» і «Цэнтра гарадскіх ініцыятыў» УКантакце. Анонсы па кожным мерапрыемстве асобна будуць публікавацца па меры набліжэння даты правядзення.

Па ўсіх пытаннях звяртацца да Аляксандра Сідараўскага (тэл. +375296844449, Вк – https://vk.com/xixiks).

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці пройдзе з 16 па 22 верасня. Праект заваёўвае ўсё большую папулярнасць ва ўсім свеце. Яго дэвіз – «Разумная мабільнасць – моцная эканоміка». Мэтай кампаніі з’яўляецца забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці насельніцтва гарадоў, якая павінна будавацца перш за ўсё на развіцці транспарту агульнага карыстання і стварэнні камфортных і бяспечных умоў для пешаходаў і веласіпедыстаў. У межах глабальнай акцыі 22 верасня традыцыйна пройдзе Сусветны дзень без аўтамабіля, калі кіроўцам прапануецца на адзін дзень адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля і скарыстацца грамадскім транспартам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая