Рус Бел Eng 中文

Глабальны экалагічны фонд прафінансаваў 29 праектаў Праграмы малых грантаў у Магілёўскай вобласці

Глабальны экалагічны фонд (ГЭФ) прафінансаваў 29 праектаў Праграмы малых грантаў у Магілёўскай вобласці, уклаўшы ў іх больш за $900 тыс. Пра гэта паведамілі падчас тэматычнага семінара, які сёння прайшоў у горадзе на Дняпры.

Праекты накіраваны на захаванне біяразнастайнасці і развіццё асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, супрацьдзеянне змене клімату праз стварэнне новых крыніц аднаўляльнай энергетыкі, прадухіленне дэградацыі зямель шляхам укаранення тэхналогій арганічнага земляробства, утылізацыю небяспечных хімічных адходаў, а таксама павышэнне ўзроўню інфармаванасці мясцовага насельніцтва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

ПМГ – спецыяльная праграма Глабальнага экалагічнага фонду, накіраваная на паляпшэнне ўзроўню жыцця насельніцтва на мясцовым узроўні шляхам вырашэння існуючых экалагічных праблем. Дзейнасць Праграмы малых грантаў ГЭФ падзелена на аперацыйныя перыяды, якія працягваюцца па 4 гады. З 2015-га па 2019-ы ажыццяўляюцца праекты шостай стадыі, дзе прыярытэтнай тэрыторыяй у Беларусі абраны паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці, які ўключае Крычаўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Касцюковіцкі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі раёны. 

Адным з прыкладаў працы ПМГ ГЭФ у нашай вобласці з’яўляецца праект «Стварэнне электроннай сістэмы інфармавання па пытаннях абыходжання з устойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі», які рэалізуецца кансультацыйна-асветніцкай установай па ахове прыроды «Экаасяроддзе» пры падтрымцы Мінпрыроды і праграмы развіцця ААН у Беларусі. Была распрацавана і размешчана на адукацыйным інтэрнэт-партале «Яклас» электронная інфармацыйна-асветніцкая праграма па асновах бяспекі пры абыходжанні з небяспечнымі хімічнымі рэчывамі. Яна ўключае як тэарэтычны матэрыял, так і тэставыя заданні, што дазваляе ўсім карыстальнікам эфектыўна засвоіць правілы бяспечнага абыходжання з хімічнымі рэчывамі, адходамі і прадухіліць іх уздзеянне на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе. Праграма паспяхова апрабаваная ў школах паўднёва-ўсходняга рэгіёна і зараз распаўсюджваецца на іншыя навучальныя ўстановы краіны.

Таксама ў межах праекта інтэрнэт-парталам «Яклас» зарэгістраваным выкладчыкам устаноў адукацыі ПУР і школьнікам, якія прынялі ўдзел у абвешчаным «Экаасяроддзем» конкурсе і выканалі яго ўмовы, на бязвыплатнай аснове дадзены доступ да тэстаў і матэрыялаў па ўсіх прадметах школьнай праграмы, размешчаных на ўказаным рэсурсе. Гэта, у сваю чаргу, садзейнічае ўкараненню сучасных тэхналогій навучання і рэалізацыі палажэнняў канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года. 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая