Рус Бел Eng 中文

Грамадска-палітычная газета «Бабруйскае жыццё» адзначае 100-годдзе

Адна з самых найстарэйшых газет горада на Бярэзіне – «Бабруйскае жыццё» – сёння адзначае 100-годдзе. Першы яе нумар убачыў свет 28 лістапада 1918 года.

У розныя гады рэдактарамі выдання былі Міхась Лынькоў, Мікалай Валатковіч, Аляксандр Казак. У 2014-м годзе пасаду галоўнага рэдактара заняў Вадзім Шчаглоў. З лёгкай падачы маладога галоўрэда газета змяніла як знешні выгляд, так і ўнутранае напаўненне.

З снежня 2014 года пачаў працу новы сайт газеты. У 2017 годзе партал прызнаны пераможцам у абласным конкурсе сярод сродкаў масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці. У гэтым жа годзе газета атрымала Гран-пры штогадовага Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара».

З верасня 2015 года рэдакцыя пачала ажыццяўляць выпуск штодзённых навін на тэлеканале «Беларусь 4 Магілёў». У маі 2017-га скончыліся работы па стварэнні новага для рэдакцыі і горада віду падачы інфармацыі насельніцтву з дапамогай FM-радыё, і з 6 мая стартавалі рэгулярныя трансляцыі на радыё. У дзень нараджэння газеты «Бабруйскае жыццё»(год таму) таксама пачаў вяшчанне новы поўнафарматны гарадскі тэлеканал «Бабруйск 360». З яго запускам завяршылася фарміраванне рэгіянальнага медыяхолдынга.

Сёння газета «Бабруйскае жыццё» выходзіць адзін раз на тыдзень у поўнакаляровым варыянце агульным накладам больш за 6 тыс. асобнікаў на тыдзень. Гэта аналітыка і меркаванне экспертаў, журналісцкія расследаванні і аўтарскія калонкі.

З верасня 2018 года галоўным рэдактарам УКІП «Рэдакцыя газеты«Бабруйскае жыццё»» стаў Уладзімір Сёмкін.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая