Рус Бел Eng 中文

Грамадзяне пажылога ўзросту ў агульнай структуры насельніцтва Магілёўскай вобласці складаюць 26%

Грамадзяне пажылога ўзросту ў агульнай структуры насельніцтва Магілёўскай вобласці складаюць 26%. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў камітэце па працы, занятасцi i сацыяльнай ахове насельніцтва аблвыканкама.

У рэгіёне пражываюць 4,4 тыс. доўгажыхароў, з іх 50 перасягнулі парог у 100 гадоў. Старэйшых за працаздольны ўзрост налічваецца больш 276,1 тыс. чалавек, з іх адзінокіх – звыш 17,8 тыс. і тых, якія пражываюць адзінока, – каля 83,9 тыс.

Суразмоўцы дадалі, што ў вобласці функцыянуе 18 аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, праца гэтых аддзяленняў накіравана на арганізацыю вольнага часу, зносін і падтрыманне актыўнасці. Тут праводзяцца культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, дзе людзі ва ўзросце асвойваюць дэкаратыўна-прыкладную творчасць, знаёмяцца з прынцыпамі здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання, займаюцца ёгай і скандынаўскай хадой, вывучаюць замежныя мовы. У спецыяльных класах пенсіянеры з нуля асвойваюць камп’ютарную пісьменнасць, вучацца карыстацца інтэрнэтам, мець зносіны з сябрамі праз Skype, аплачваць камунальныя паслугі, заказваць талон на прыём да ўрача.

14 снежня 1990 года Генеральная Асамблея ААН пастанавіла лічыць 1 кастрычніка Міжнародным днём пажылых людзей. Тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, стартавалі ў Магілёўскай вобласці яшчэ ў пачатку тыдня. Ва ўсіх раёнах праходзяць канцэрты, творчыя выставы, пасяджэнні клубаў для пенсіянераў, дабрачынныя марафоны, забаўляльныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы. Валанцёры тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, БРСМ наведваюць пажылых людзей, доўгажыхароў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны дома, у бальніцах і цэнтрах кругласутачнага знаходжання, аказваюць гуманітарную дапамогу, дапамагаюць вырашаць надзённыя праблемы. З нагоды свята арганізаваны ўшанаванні ветэранаў працы працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая