Рус Бел Eng 中文

Імя мастака-авангардыста Ізраіля Басава ўвекавечаць у Мсціславе

Мемарыяльную дошку ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння мастака-авангардыста Ізраіля Басава ўстановяць на яго малой радзіме ў Мсціславе. Пра гэта паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава Аляксандр Хахракоў.

«Мы плануем гэта зрабіць 4 кастрычніка, у дзень нараджэння майстра. Гэта стане фінальным акордам міжнароднага пленэру жывапісу «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». Мемарыяльная дошка будзе ўстаноўлена на будынку раённага гісторыка-археалагічнага музея, а ў самім музеі ў гэты дзень плануецца адкрыць выставу работ мастака. Цяпер вядуцца перагаворы з яго спадкаемцам, сынам Мацвеем Басавым», – расказаў Аляксандр Хахракоў. Зараз распрацоўваецца мастацкі эскіз мемарыяльнай дошкі. Яе вырабяць і ўстановяць за кошт спонсараў.

Адкрыццё памятнага знака працягне добрую традыцыю пленэру па адраджэнні забытых імёнаў і ўшанаванні памяці знакамітых землякоў. «Пра гэтага таленавітага мастака не так шмат вядома і на яго радзіме, як яшчэ і не ў поўнай меры дадзена ацэнка яго творчасці і таленту. А з імем Ізраіля Басава звязана як нямала легенд, так і гучных скандалаў у культурным жыцці Савецкага Саюза. Яго палотны здымаліся з выставаў, а мастака абвінавачвалі ў антысавеччыне, але ён быў з тых, каму ўдалося захаваць вернасць асабліваму творчаму стылю, пазбегнуць здзелак са сваім талентам», – адзначыў суразмоўца.

Пасля першай персанальнай выставы Ізраіля Басава, пасмяротнай, у Нацыянальным мастацкім музеі ў 1996 годзе аб ім загаварылі як аб новым Шагале, мастацтвазнаўцы пачалі падбіраць азначэнне яго шматзначнага жывапісу. Многія галерэі хацелі скупіць палотны мастака і раскручваць іх на знешнім культурным рынку. Але на гэта не пайшоў спадчыннік творчасці жывапісца, яго сын Мацвей, які лічыць, што працы бацькі павінны застацца на радзіме, у Беларусі.

«Адкрываючы мемарыяльную дошку мастаку і яго выставу ў Мсціславе, мы аддамо даніну памяці гэтай неардынарнай і таленавітай асобе, прыцягнем яшчэ раз увагу да яго творчай спадчыны, якая займае асаблівае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі», – сказаў на заканчэнне Аляксандр Хахракоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая