Рус Бел Eng 中文

К 630-летию города Бобруйска

Бабруйск – другі па колькасці жыхароў населены пункт у Магілёўскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Бабруйскага раёна. З’яўляецца партовым горадам на беразе ракі Бярэзіна. Размешчаны за 110  км на паўднёвы захад ад Магілёва.

Гісторыя горада

Археолагі сцвярджаюць, што паселішча на гэтых тэрыторыях існавала ўжо ў бронзавым веку. У пачатку нашай эры водны шлях па Бярэзіне выкарыстоўваўся для гандлю з многімі краінамі, у тым ліку і Рымскай імперыяй. У ХІ стагоддзі гэтыя месцы аблюбавалі дрыгавічы і заснавалі горад, які атрымаў сваю назву ад невялікай ракі Бабруйка, якая ўпадае ў Бярэзіну. Салідны прыбытак жыхарам прыносіў падатак, які плацілі заезджыя купцы за пераправу на пароме.

Першае пісьмовае згадванне аб Бабруйску адносіцца да 1387 годзе. Гэта была дагаворная грамата вялікага князя Ягайлы і яго брата Скіргайлы.

Бабруйскам па чарзе валодалі вялікі князь літоўскі, Радзівілы, Гаштольды, Трызны. Багатыя ўгоддзі і выгаднае геаграфічнае становішча горада пастаянна прыцягвалі ўвагу заваёўнікаў. Не адзін раз Бабруйск падвяргаўся татарскім набегам, а ў 1508 годзе быў узяты штурмам атрадамі князя Міхаіла Глінскага.

Паступова горад разрастаўся: ў 1620 годзе ў ім было 15 вуліц, 409 двароў, 75 крамаў. На правым беразе Бярэзіны раскінулася плошча, на ўзгорку ўзвышаўся замак, а непадалёку ад ракі размясціліся касцёл Пятра і Паўла і царква Св. Мікалая. Упрыгожаннем горада служылі “каралеўскі двор”, каралеўскі сад, храмы Прачыстай Багародзіцы і Іллі Прарока. У пачатку XVII стагоддзя ў Бабруйску з’явіліся езуіты, якія да 1630 года пабудавалі ў горадзе сваю рэзідэнцыю і заснавалі школу.

З-за пастаянных разбурэнняў, выкліканых ваеннымі дзеяннямі, у другой палове XVII стагоддзя гарадская гаспадарка прыходзіць у заняпад. У 1649 годзе Бабруйск моцна пацярпеў падчас аблогі і штурму войскам гетмана Януша Радзівіла, а ў 1655 і 1665 гадах быў разрабаваны і спалены казакамі. Паступова горад прыйшоў у заняпад і ператварыўся ў невялікае мястэчка.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Бабруйск увайшоў у склад Расійскай імперыі, а праз два гады стаў павятовым горадам Менскай губерні. У 1796 годзе яму прысвоены герб з выявай карабельнай мачты на срэбным полі і дзвюх крыжападобна прыстаўленых да яе бярвенняў. Сімволіка звязана з тым, што найкаштоўнейшы мачтавы лес, неабходны ў той час для будаўніцтва флота на Чорным і Балтыйскім морах, сплаўляўся па Бярэзіне.

У 1800 годзе быў створаны першы праектны план горада, па якім вялася забудова да жніўня 1810 года. Тады па ўказе імператара Аляксандра І на месцы замка была закладзена Бабруйская крэпасць. Яна лічылася самым магутным і непрыступным збудаваннем і самым першакласным ваенным ўмацаваннем на тэрыторыі Расійскай імперыі. Крэпасць, збудаваная для вайны з Напалеонам, была абсталявана па апошнім слове еўрапейскага ваеннага мастацтва той эпохі. Падчас баявых дзеянняў яна вытрымала чатырохмесячную аблогу французскіх войскаў. Гісторыкі не раз падкрэслівалі ключавую ролю, якую цытадэль адыграла ў вайне 1812 года.

З 1812 па 1836 год Бабруйская крэпасць дабудоўвалася: яе тэрыторыя павялічылася, былі ўзведзены дадатковыя бастыёны і вежы, у тым ліку знакаміты форт “Фрыдрых Вільгельм”.

З Бабруйскам звязана першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзброенага паўстання і дзяржаўнага перавароту. У 1823 годзе афіцэры С. І. Мураўёў-Апостал і М. П. Бястужаў-Румін распрацавалі план, які прадугледжвае арышт цара і яго світы ў час агляду войскаў у крэпасці. Смелы праект быў адхілены кіраўнікамі паўстання.

У XIX стагоддзі будаўніцтва Маскоўска-Варшаўскай шашы і Лібава-Роменскай чыгункі спрыяла эканамічнаму ўздыму горада, прытоку капіталу і росту насельніцтва: да 1904 года ў Бабруйску налічвалася 37,5 тыс. жыхароў. Цэнтр горада быў забудаваны каменнымі дамамі: у суседстве размясціліся банкі, жылыя асабнякі і жаночая гімназія. Працавалі 5 аптэк, 2 бальніцы, 13 пачатковых школ, 3 друкарні, 7 фотасалонаў, літаграфія, бібліятэка-чытальня, гасцініца, 19 шынкоў.

У 1889 годзе выпусціў першую прадукцыю медна-железакацельны завод. Значны прыбытак прыносілі мясцовыя прадпрыемствы: лесапільныя, цагляныя, тытунёвыя, свячныя заводы, бровар, алейня і майстэрні.

Бабруйск быў вядомы яшчэ і як буйны выдавецкі цэнтр. Прыватныя друкарні друкавалі кнігі на рускай і габрэйскай мовах, выходзілі газеты “Бабруйскі лісток”, “Бабруйскае жыццё” і інш. У 1898 годзе ў гарадской друкарні Бунда (Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі) быў надрукаваны Маніфест І з’езда РСДРП, які адбыўся ў Мінску.

У 1914 годзе Бабруйск становіцца прыфрантавым горадам. З 1918 па 1920 год улада пераходзіць з рук у рукі: ад польскіх акупантаў – да нямецкіх і наадварот. Вызвалены 10 ліпеня 1920 года Бабруйск уяўляў жахлівы выгляд: спаленыя і разбураныя амаль усе прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, жылыя дамы. Колькасць жыхароў скарацілася на 40%

У 1920–1930-я гады горад пачынае актыўна абнаўляцца і неўзабаве становіцца буйным прамысловым і культурным цэнтрам. У Бабруйску адкрываецца краязнаўчы музей і некалькі тэатраў: у 1932 – Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР, праз тры гады – Тэатр рабочай моладзі, а напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны з’явіўся Бабруйскі абласны драматычны тэатр.

У гэты час па тэмпах росту прамысловасці Бабруйск выходзіць на першае месца ў рэспубліцы. Прадукцыя Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбіната – найбуйнейшага ў Еўропе – пастаўлялася не толькі на прадпрыемствы Савецкага Саюза, але і экспартавалася за мяжу. У 1930 годзе пачала дзейнічаць фабрыка імя Ф. Дзяржынскага – флагман швейнай прамысловасці ў БССР. У 1940 годзе ў Бабруйску працавала больш за 100 прадпрыемстваў, а насельніцтва горада перавышала 84 тыс. чалавек.

У гады Вялікай Айчыннай

Бабруйск быў захоплены нямецкімі войскамі 28 чэрвеня 1941 года. Акупанты стварылі ў горадзе чатыры лагеры смерці з васьмю аддзяленнямі і філіяламі. За гады вайны ў Бабруйску і яго ваколіцах гітлераўцы знішчылі каля 100 тыс. чалавек. Супраціленне захопнікам аказалі падпольшчыкі: у Бабруйску было арганізавана 17 антыфашысцкіх груп, якія займаліся зборам зброі, расклейваннем лістовак, вярбоўкай байцоў для партызанскіх атрадаў.

Горад быў вызвалены 29 чэрвеня 1944 года войскамі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі К.К. Ракасоўскага. У “Бабруйскім катле” ішлі жорсткія баі: у шчыльным коле акружэння аказаліся 6 варожых дывізій.

Адыходзячы, фашысты руйнавалі цэлыя кварталы: з 7650 дамоў было цалкам разбурана і спалена больш 3000. Колькасць насельніцтва скарацілася больш чым напалову і склала крыху больш за 28 тыс. чалавек. Пачаўся нялёгкі працэс аднаўлення Бабруйска.

Падчас святкавання 65-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Бабруйск быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Бабруйск сучасны

Пасля вайны Бабруйск пачаў паступова аднаўляцца і пашырацца, паўсталі новыя прадпрыемствы: да 1949 года быў пераўзыдзены даваенны ўзровень прамысловай вытворчасці, у асноўным развівалася дрэваапрацоўка.

У 1944 годзе Бабруйск стаў абласным цэнтрам і захоўваў за сабой гэты статус на працягу 10 гадоў.

У 1965 годзе на паўночна-заходняй ускраіне горада пачалося будаўніцтва шыннага камбіната. У навагоднюю ноч 1972 г. была выраблена першая беларуская шына. Прадпрыемства неўзабаве стала горадаўтваральным, яно спрыяла прытоку насельніцтва, развіццю мясцовай інфраструктуры. Шыннікі фінансавалі будаўніцтва першай тралейбуснай лініі ў Бабруйску.

У 1966 годзе быў прадстаўлены генеральны план забудовы горада, кампазіцыйным цэнтрам якога заставалася крэпасць. У 1960-1970-я гады актыўна ўзводзяцца мікрараёны са шматпавярховымі дамамі, на набярэжнай Бярэзіны з’яўляюцца паркі і скверы. Пачынаючы з 1970 года ў горадзе ствараюцца Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, Палац мастацтваў, Цэнтр культуры і адпачынку, выставачная зала, Занальны дзяржаўны архіў.

3 ліпеня 1987 года ў сувязі з 600-гадовым юбілеем Бабруйск быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за поспехі, дасягнутыя працаўнікамі горада ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, іх уклад у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Зараз у шматгаліновай індустрыі горада асноўнае месца займае хімічная і нафтахімічная прамысловасць, якая прадстаўлена прадпрыемствамі “Белшына” і “Беларусьгуматэхніка”. Дзейнічаюць машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя заводы “Бабруйскаграмаш”, “Бабруйскі машынабудаўнічы завод”, “Вагапрыбор”, “Бабруйсксельмаш”, “Завод трактарных дэталяў і агрэгатаў”, “Спецаўтатэхніка”, “ТаіМ”. Шматгадовым брэндам бабруйскай харчовай прамысловасці з’яўляецца кандытарская фабрыка “Чырвоны харчавік”. Акрамя яе, у горадзе працуюць мясакамбінат, Бабруйскі гарадскі малочны завод, кансервавы завод, камбінат хлебапрадуктаў. На айчынным рынку карыстаецца попытам прадукцыя мясцовага легпрама: абутковай фабрыкі, прадпрыемстваў “Славянка”, “Бабруйсктрыкатаж”. Таксама ў Бабруйску знаходзіцца гігант дрэваапрацоўчай прамысловасці “ФанДАК”, ЗАТ “Бабруйскмэбля”.

Горад напрамую звязаны сеткай чыгунак з усімі абласцямі Беларусі і многімі рэгіёнамі Расіі, з’яўляецца адным з самых вялікіх атрымальнікаў і адпраўнікоў грузаў у рэспубліцы.

Сёння Бабруйск – перспектыўны адміністрацыйны цэнтр, які дынамічна развіваецца. Актыўна вядзецца новае будаўніцтва і рамонт будынкаў, добраўпарадкоўваюцца вуліцы і мікрараёны, удасканальваецца інфраструктура.

Сетка ўстаноў адукацыі горада ўключае 61 ўстанову дашкольнай адукацыі, 33 установы агульнай сярэдняй адукацыі (у іх ліку 3 гімназіі, гімназія-каледж мастацтваў), 5 цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 2 сацыяльна-педагагічныя цэнтры, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. На тэрыторыі горада размешчаны ўстановы адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі.

У Бабруйску вядзецца паслядоўная работа па рэалізацыі задач, накіраваных на стварэнне ўмоў для развіцця фізічнай культуры і спорту. Падрыхтоўка спартыўнага рэзерву ажыццяўляецца ў 10 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах (7 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, 3 спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школах алімпійскага рэзерву) і ва ўстанове адукацыі “Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву”. У вучэбна-спартыўных установах горада атрымалі развіццё 24 віды спорту, 21 з іх уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў.

Спартсмены горада годна прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах, чэмпіянатах, кубках, першынствах свету і Еўропы, Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Дэфлімпійскіх гульнях. Штогод у спісачным складзе нацыянальных зборных каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту ўваходзяць больш за 150 спартсменаў горада, у тым ліку каля 40 спартсменаў – у асноўныя саставы нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь.

У горадзе атрымалі развіццё гульнявыя віды спорту. У нацыянальных чэмпіянатах Рэспублікі Беларусь Бабруйск прадстаўляюць тры клубы – футбольны клуб “Белшына”, жаночы футбольны клуб “Бабруйчанка”, жаночы гандбольны клуб “Бярэзіна”.

Гісторыка-культурную спадчыну Бабруйска складаюць 179 шэдэўраў архітэктуры, 20 помнікаў мастацтва, 63 помнікі гісторыі. Акрамя Бабруйскай крэпасці – унікальнага творы абарончага дойлідства ХІХ стагоддзя, – горад упрыгожваюць выключныя па сваёй прыгажосці будынкі: чыгуначны вакзал “Бярэзіна”, будынак раённай бібліятэкі ў стылі “мадэрн”, гасцініца “Бабруйск”, пажарнае дэпо №1, Палац мастацтваў, неагатычны касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе ўзведзена 27 мемарыялаў, сярод іх брацкія пахаванні воінаў, якія загінулі пры вызваленні горада, помнік партызанам і падпольшчыкам Бабруйска, мемарыяльны комплекс на плошчы Перамогі.

У горадзе функцыянуе сетка ўстаноў культуры, якая ўключае 12 устаноў дзяржаўнай і 3 клубы прафсаюзнай сістэмы. Музейны фонд горада складае больш за 18 тыс. экспанатаў. Штогод у горадзе праходзяць культурна-масавыя мерапрыемствы рознага ўзроўню і ступені прадстаўніцтва.

Развіццю міжнародных адносін спрыяюць форумы, якія праводзяцца ў горадзе на Бярэзіне: фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”, які стаў візітнай карткай горада і аб’яднаў пад дэвізам дружбы за сваю гісторыю 38 краін з 5 кантынентаў; пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль”; Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча.

Знакамітыя бабруйчане

Сярод ураджэнцаў Бабруйска – выдатныя дзеячы навукі, культуры і спорту, якія праславіліся ў Беларусі і за яе межамі. У іх ліку – цэлая плеяда таленавітых музыкаў: спявак, народны артыст БССР Ісідар Балоцін; кампазітар, народны артыст БССР, выкладчык Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, прафесар Уладзімір Алоўнікаў; папулярны выканаўца Руслан Аляхно; саліст знакамітай рок-групы “Бі-2” Аляксандр Умань (Шура).

У Бабруйску нарадзіліся таксама старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька; папулярны тэлевядучы і шоўмэн Яўген Булка; актрыса і спявачка, удзельніца расійскага скетч-шоу “6 кадраў” Ірына Мядзведзева.

Родам з Бабруйска Вера Харужая – легендарны дзеяч рэвалюцыйна-вызваленчага руху, Герой Савецкага Саюза.

Савецкі бібліёграф, перакладчык, педагог, заслужаны дзеяч культуры БССР Іосіф Сіманоўскі таксама бабруйчанін. Спачатку ён працаваў загадчыкам Бабруйскай гарадской бібліятэкі, а пасля стаў заснавальнікам і першым дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Горад на Бярэзіне – радзіма сусветна вядомага спартсмена Ігара Бокія, які ўсталяваў сем дзеючых сусветных рэкордаў у паралімпійскім плаванні. На летніх Паралімпійскіх гульнях у Лондане (2012) ён прынёс Беларусі шэсць медалёў: пяць залатых і адзін сярэбраны. Ігар Бокій бліскуча выступіў і на летняй Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра (2016), выйграўшы шэсць залатых медалёў і адзін сярэбраны.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая