Рус Бел Eng 中文

Каля $ 10 млн інвестуюць у стварэнне вытворчасці мармеладу ў Слаўгарадзе

Вытворчасць мармеладу будзе створана ў найбліжэйшыя два гады ў Слаўгарадзе. Пра гэта паведаміў дырэктар ААТ «Чырвоны харчавік» Сяргей Анюхоўскі.

Інвестыцыйны праект будзе рэалізоўваць зарэгістраваны ў райцэнтры філіял бабруйскай кампаніі па выпуску прысмакаў ПТУП «Чырвоны харчавік – Слаўгарад». «Мы выкупілі вытворчую пляцоўку ААТ«Прысожжа» ў Слаўгарадзе і плануем на ёй ў найбліжэйшыя два гады стварыць сучасную вытворчасць мармеладу ў асартыменце. Гэты кандытарскі выраб карыстаецца высокім попытам на ўнутраным і знешнім рынках, а дзейсныя магутнасці ў Бабруйску сёння не дазваляюць яго задаволіць, да таго ж існуючая спецыялізаваная мармеладная лінія фізічна і маральна састарэла», – сказаў дырэктар.

Рашэнне адкрыць вытворчасць у Слаўгарадзе абумоўлена яшчэ і тым, што ў Бабруйску гэта было б зрабіць нашмат даражэй. Акрамя таго, Слаўгарадскі раён уваходзіць у паўднёва-ўсходні рэгіён (указ ад 8 чэрвеня 2015 года №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці»), і бізнесу тут даюцца значныя прэферэнцыі, у тым ліку па падаткаабкладанні.

На новых плошчах пасля нязначнай рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў будзе ўстаноўлена імпартная лінія па выпуску мармеладу ў асартыменце (каля 20 найменняў) магутнасцю каля 450 т кандытарскіх вырабаў у месяц. З уводам у строй новых магутнасцяў у Слаўгарадзе павялічыцца не толькі выпуск мармеладу, такім чынам маюць намер нарасціць і экспартны патэнцыял кампаніі, пашырыць геаграфію знешніх паставак. «На сённяшні дзень аснова экспарту прадпрыемства – зефірная прадукцыя, а яе культура спажывання распаўсюджваецца ў асноўным на краіны постсавецкай прасторы. А вось мармелад ведаюць і любяць у далёкім замежжы. Гэта дазволіць нам адкрыць новыя экспартныя напрамкі», – падкрэсліў суразмоўца.

На рэалізацыю інвестпраекта ў Слаўгарадзе за кошт розных крыніц плануецца накіраваць каля $ 10 млн. На новай вытворчасці будзе створана больш за 100 працоўных месцаў. Падрыхтоўка інжынерных і кіраўнічых кадраў вядзецца на дзеючай вытворчасці з ліку маладых спецыялістаў. Для іх у Слаўгарадзе, куды яны пераедуць жыць і працаваць, будзе пабудавана жыллё. На рабочыя спецыяльнасці будуць набірацца мясцовыя жыхары, якія таксама пройдуць навучанне ў Бабруйску.

«Паралельна на новай пляцоўцы мы маем намер запусціць яшчэ два праекты: па выпуску еўрападдонаў і прадуктаў харчавання. Еўрападдоны патрэбныя для ўласнай вытворчасці і рэалізацыі іншым прадпрыемствам харчовай прамысловасці. Іх мы пачнем вырабляць ўжо ў бягучым годзе. Таксама ў гэтым годзе запусцім новую лінейку прадуктаў харчавання, пакуль не магу назваць якіх (гэта камерцыйная тайна), іх мы плануем пастаўляць у ЗША. Такім чынам, толькі ў гэтым годзе ў Слаўгарадзе плануецца стварыць 20-30 новых працоўных месцаў», – адзначыў Сяргей Анюхоўскі.

ААТ «Чырвоны харчавік» спецыялізуецца на вытворчасці паста-мармеладных вырабаў (зефір, мармелад, жавальны мармелад), халвы, касача, дражэ, цукерак. У асартыменце больш за 140 відаў прадукцыі. Вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць каля 20 тыс. т кандытарскіх вырабаў у год. Прадукцыя прадпрыемства пастаўляецца ў 25 краін.

БЕЛТА

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Чытайце таксама ў катэгорыі "рэгіёны":

14.02.2019 - 14:48 | У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі адбылося два пажары

У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі адбылося два пажары. Пра гэта паведамілі ў цэнтры бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС.

12.02.2019 - 13:56 | Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне старшынёй Клічаўскага райвыканкама Віктара Рабкаўца

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лютага разгледзеў кадравыя пытанні.

12.02.2019 - 08:07 | Спартыўная тэма набірае папулярнасць: у Антонаўцы гуляюць у валейбол, у Касцюковічах – у хакей

Зноў адкрылася днямі спартыўная зала ў сацыяльным цэнтры аграгарадка Антонаўка Чавускага раёна. Адкрыццё адзначылася таварыскім валейбольным матчам паміж камандамі жыхароў Антонаўкі і суседняга аграгарадка Каменка. Падчас гульні не пуставалі і глядацкія месцы – 40 балельшчыкаў прыйшлі падтрымаць мясцовых валейбалістаў-аматараў.

07.02.2019 - 09:45 | Увесь люты на пляцоўцы палігона «Асіповіцкі» праводзяцца планавыя падрыўныя работы

Увесь люты ў рабочыя дні з 9.00 да 16.00 на падрыўной пляцоўцы палігона «Асіповіцкі» вайсковай часці 12147 праводзяцца планавыя падрыўныя працы.

07.02.2019 - 09:12 | Рамонтныя работы ў Асіповіцкай СШ №4 плануецца завяршыць да верасня 2019 года

Рамонтныя работы ў Асіповіцкай СШ №4 плануецца завяршыць да верасня 2019 года. Пра гэта паведамілі ў аддзеле адукацыі Асіповіцкага райвыканкама.