Рус Бел Eng 中文

Каля 40 работ прадставіць мастак-авангардыст Ігар Бяспалаў на выставе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры

Каля 40 работ прадставіць мастак-авангардыст Ігар Бяспалаў на выставе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Экспазіцыя, прымеркаваная да 130-годдзя ўстановы культуры, адкрыецца сёння ў арт-фае ў 17.00.

Майстар прэзентуе жыхарам горада на Дняпры графіку і жывапіс – нацюрморты, пейзажы, абстрактныя палотны. Будуць выстаўлены і партрэты, у тым ліку акцёраў драмтэатра. Працы аб’ядноўвае аўтарская канцэпцыя: разважанні на палатне, пошукі самога сябе, як адзначыў Ігар Бяспалаў.

Выстава будзе працаваць да 25 кастрычніка. Наведаць яе змогуць гледачы, якія набудуць квіткі на спектаклі.

Гэта ўжо другая персанальная выстава Ігара Бяспалава ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Першая была арганізавана амаль год таму.

Мастак Ігар Бяспалаў нарадзіўся 25 снежня 1965 года ў Хоцімску. Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Жыве і працуе ў Магілёве. Удзельнік рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выстаў і пленэраў. Работы майстра знаходзяцца ў музеях Магілёва і Віцебска, прыватных калекцыях у Беларусі, ЗША, Японіі, Германіі, Францыі, Расіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая