RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля 500 дзяцей атрымалі падарункі на дабрачынным свяце ў Магілёве

Каля 500 дзяцей сталі ўдзельнікамі абласнога дабрачыннага навагодняга свята, якое сёння прайшло ў Магілёве.

Арганізатарам мерапрыемства, куды запрасілі дзяцей-сірот, дзяцей са шматдзетных сем’яў і дзяцей-інвалідаў, выступіла абласное аддзяленне РГА «Беларускі дзіцячы фонд». Свята стала адной са шматлікіх падзей дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які ў рэгіёне праводзіцца сёмы год запар.

«Традыцыйна пераднавагоднія дні для Беларускага дзіцячага фонду самыя гарачыя, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Андрэй Кунцэвіч. – І гэта зразумела, паколькі галоўнымі героямі з’яўляюцца дзеці. Невыпадкова ў нашай краіне не першы год праходзіць дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». У сённяшняй акцыі ў вобласці задзейнічана больш за 150 тыс. хлопцаў і дзяўчат. А адным з найбольш яркіх праектаў, безумоўна, з’яўляецца марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». Важна, што год ад года колькасць яго партнёраў і ўдзельнікаў толькі шырыцца. І я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто адгукнуўся на заклік і аказаў дапамогу дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі».

Для дзятвы паказалі мюзікл па матывах казкі «Спячая прыгажуня». У прадстаўленні прымала ўдзел каля 300 чалавек: выхаванцы гурткоў, студый абласнога цэнтра творчасці, педагогі. Мастацка-пастановачная група падрыхтавала маляўнічае шоу з новымі рэжысёрскімі, кампазіцыйнымі, тэхнічнымі падыходамі ў дэкарацыях, тэатральных касцюмах, працы акцёраў. У завяршэнне ўсе дзеці атрымалі салодкія падарункі.

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» працягнецца да 11 студзеня. Госці наведаюць 53 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 23 цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 9 дзіцячых сацыяльных прытулкаў, 10 інтэрнатных устаноў абласнога падпарадкавання.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая