Рус Бел Eng 中文

Каля Br40 тыс. сабрана падчас дабрачыннага тэлемарафона «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» ў эфіры тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў»

Каля Br40 тыс. сабрана падчас дабрачыннага тэлемарафона «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які прайшоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў». Пра гэта, падводзячы вынікі мерапрыемства, паведаміла дырэктар Магілёўскага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк.

На працягу шасцігадзіннага тэлемарафона гасцямі студыі сталі каля 40 чалавек. Сярод іх – прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, дэпутаты, бізнесмены, валанцёры. «Усе гэтыя людзі і калектывы, якія стаяць за імі, падтрымалі ідэю акцыі, зрабілі грашовыя ахвяраванні, падрыхтавалі значныя падарункі. Таксама на дабрачынны рахунак фонду па спецыяльных тэлефонных нумарах сродкі пералічвалі прыватныя асобы», – удакладніла Ірына Фісюк.

Сабраныя грошы будуць накіраваны на абсталяванне сэнсарных пакояў у Мсціслаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дапаможнай школе горада Магілёва. Асноўная частка грошай пойдзе на адрасную дапамогу дзецям-інвалідам і хворым дзецям.

Маштабны дабрачынны абласны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» праводзіцца ў рэгіёне шосты раз напярэдадні навагодніх і калядных святаў. «Дзіцячыя дамы і інтэрнатныя ўстановы знаходзяцца на дзяржаўным фінансаванні, для многіх арганізацый і прыватных асоб ужо стала добрай традыцыяй аказваць ім пасільную дапамогу, – адзначыла Ірына Фісюк. – Аднак у нашым грамадстве ёсць вялікая катэгорыя дзяцей, якія знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі і практычна не атрымліваюць дапамогі ў выглядзе прыватных ахвяраванняў. Пры гэтым іх матэрыяльнае становішча часта нашмат горшае, чым у дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні».

Марафон, які працягнецца да 31 студзеня 2018 года, будзе ўключаць цэлы комплекс мерапрыемстваў. Адным з такіх стаў аднайменны тэлемарафон.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая