Рус Бел Eng 中文

Каманда Магілёўскай вобласці размясцілася на другім месцы ў медальным заліку «Снежнага снайпера»

У неафіцыйным медальным заліку фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» каманда Магілёўскай вобласці заняла другое месца.

Юныя біятланісты прыдняпроўскага краю ў цэнтры зімовых відаў спорту «Раўбічы» заваявалі 2 залатыя, 4 сярэбраныя і 1 бронзавую ўзнагароды. Пераможцамі сталі прадстаўнікі каманды Мінскай вобласці. Яны выйгралі 4 залатыя, 3 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі. На трэцяй пазіцыі спаборніцтвы завяршылі спартсмены з Мінска, на рахунку якіх 2 залатыя, 1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі.

Фінальны этап «Снежнага снайпера» завяршыўся 19 лютага. Дзеці і падлеткі, падзеленыя на тры ўзроставыя групы, спаборнічалі ў змешаных эстафетах. У малодшай узроставай групе, дзе выступілі біятланісты 2005-2006 гадоў нараджэння, нашы спартсмены фінішавалі другімі. Яшчэ адно серабро ў гэтым відзе праграмы прадстаўнікі Магілёўшчыны заваявалі ў сярэдняй узроставай групе (2003-2004 год нараджэння).

Не засталіся без узнагарод юныя біятланісты рэгіёну і ў асабістым заліку: пяць медалёў рознай вартасці паклалі ў скарбонку Магілёўшчыны ўдзельнікі мас-стартаў. У малодшай узроставай групе сярод хлопчыкаў сярэбраным прызёрам стаў Яраслаў Пускоў (Чавускі раён). У сярэдняй групе ў дзяўчат і юнакоў залатыя медалі выйгралі Карына Гарадзінская (Клімавіцкі раён) і Арцём Сурганаў (Чавускі раён). Бронзу ў гэтай узроставай катэгорыі заваяваў Глеб Блізнякоў (Круглянскі раён). А ў старэйшай групе юнакоў (2001-2002 год нараджэння) уладальнікам сярэбранага медаля стаў Яўген Волкаў (Хоцімскі раён).

Фінал «Снежнага снайпера» 18-19 лютага сабраў у цэнтры зімовых відаў спорту «Раўбічы» 168 юных біятланістаў. Дзясяты юбілейны турнір у 2017-м годзе максімальна наблізілі да сапраўдных умоў прафесійных біятланістаў. У спарткомплексе юнакі і дзяўчаты змаглі паспрабаваць свае сілы на стадыёне сусветнага класу, пастраляць з дробнакалібернай вінтоўкі па біятлонных мішэнях.

Арганізатарамі рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер» з’яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Беларуская федэрацыя біятлона, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Мінаблвыканкам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая