Рус Бел Eng 中文

Камбайнеры з Кіраўскага раёна першымі ў Магілёўскай вобласці намалацілі 1 тыс. т збожжа

Экіпаж камбайнераў з Кіраўскага раёна першым у Магілёўскай вобласці намалаціў 1 тыс. т збожжа. Тэмп уборкі ў рэгіёне, як і ў папярэднія гады, пачалі задаваць вопытныя хлебаробы ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага. Першым перасячы тысячны рубеж удалося экіпажу камбайна «Нью Холанд» у складзе Мікалая і Андрэя Драздоў.

Мікалай ужо неаднаразова станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх спаборніцтваў на жніве. Працаваў з рознымі напарнікамі, а вось ужо шосты сезон убірае хлеб разам з сынам. І зноў у перадавіках.

Прама ў поле лідараў жніва ўшаноўвалі старшыня Кіраўскага райвыканкама Аляксандр Бутараў, яго намеснік Аляксандр Сухадольскі, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль, дырэктар «Рассвета» Аляксандр Багель, прафсаюзныя лідары раёна і сельгасарганізацыі.

У лік тых, каму гучалі словы падзякі і ўручаліся падарункі, увайшлі і іншыя перадавыя хлебаробы «Рассвета». Літаральна на некалькі гадзін пазней за экіпаж Драздоў яшчэ адзін сямейны тандэм перасягнуў тысячны намалот – бацька і сын Іван і Аляксандр Кавалеўскія.

Ушаноўвалі і вадзіцеля Валерыя Шчэрбіча, які некалькі дзён таму першым на Магілёўшчыне перавёз ад камбайнаў тысячу тон збожжа. Сёння ён ужо пераадолеў паўтаратысячную мяжу.

Яго калега Алег Сакабіцкі стаў першым у раёне «тысячнікам» у спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў.

Сярод узнагароджаных таксама было перадавое звяно па перапрацоўцы збожжа ў сушыльнай гаспадарцы ў складзе Мікалая Магаева, Яўгена Шырокага, Пятра Буціна і Сяргея Лагойкі.

Па матэрыяле раённай газеты «Кіравец»

Фота - «Кіравец»

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна